Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Са спазьненьнем на 100 гадоў выйшаў слоўнік, які дэманструе багацьце беларускай мовы


10 фактаў пра «Расейска-беларускі слоўнік» і яго ўкладальніка Апанаса Ярушэвіча.

Цэнтар дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук і Нацыянальны архіў Беларусі выдалі з падзагалоўкам «Архіўная спадчына» «Расейска-беларускі слоўнік» Апанаса Ярушэвіча. Аб’ем яго ўражвае —13 190 рэестравых адзінак. У аснову слоўніка пакладзеныя матэрыялы цэнтральных гаворак Беларусі — тых гаворак, якія сталі асновай для нармалізацыі, стандартызацыі беларускай літаратурнай мовы.

Але слоўнік адлюстроўвае матэрыялы, сабраныя ня толькі з ваколіц Маладэчна, сьцьвярджаюць дасьледчыкі.

1. Выданьне спазьнілася на цэлае стагодзьдзе

Апанас Ярушэвіч зьбіраў матэрыялы для слоўніка ў 1907–1918 гадах, калі слоўнікаў новай беларускай мовы яшчэ не было або яны толькі рыхтаваліся. Завяршыў працу ён у 1918 годзе. Жонка Ярушэвіча Вольга прынесла рукапіс у Інстытут беларускай літаратуры. Але зь невядомых прычын слоўнік тады ня выйшаў.

І толькі праз 100 год адмыслоўцы — у першую чаргу ўкладальніца, навуковая супрацоўніца Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Ірына Галуза і навуковая рэдактарка, загадчыца аддзелу дыялекталёгіі і лінгвагеаграфіі Інстытуту мовазнаўства Вераніка Курцова — падрыхтавалі яго да выданьня. Наклад — усяго 150 асобнікаў.

2. Ярушэвіч вучыўся ў Вільні і Санкт-Пецярбургу, тэма дысэртацыі — Канстанцін Астроскі

Укладальнік слоўніка Апанас Ярушэвіч — багаслоў, гісторык, пэдагог, дзяяч культуры. Нарадзіўся ён у 1867 годзе ў сям’і псаломшчыка Літоўскай праваслаўнай эпархіі (Віленскай губэрні). Вучыўся ў Віленскім духоўным вучылішчы, Літоўскай духоўнай сэмінарыі, Санкт-Пецярбурскай духоўнай акадэміі. Там жа абараніў дысэртацыю «Ревнитель православія князь Константинъ Ивановичъ Острожскій (1461–1530) и православная Литовская Русь въ его время».

Працаваў у навучальных установах Вільні, Смаленску. З 1907 па 1920 гады быў дырэктарам Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі.

Пасьля 1920 году ніякіх зьвестак пра Апанаса Ярушэвіча і яго сям’ю ня знойдзена. Невядомая і дата ягонай сьмерці.

3. Насамрэч было два слоўнікі: расейска-беларускі і беларуска-расейскі. Другі зьнік

З 1907 году Апанас Ярушэвіч з этнаграфічнай цікавасьці зьбіраў сам і з дапамогай вучняў беларускія словы і разнастайныя фальклёрныя матэрыялы. Завяршыў укладаньне слоўніка ён у 1918 годзе.

Загадчыца аддзелу дыялекталёгіі і лінгвагеаграфіі Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа Вераніка Курцова мяркуе, што Апанас Ярушэвіч падрыхтаваў два слоўнікі.

«На самой справе было падрыхтавана два слоўнікі: расейска-беларускі і беларуска-расейскі. Узгадкі пра беларуска-расейскі слоўнік былі, але куды ён падзеўся, невядома», — кажа Вераніка Курцова.

4. Слоўнік напісаны ў сшытку ў лінейку

«Расейска-беларускі слоўнік» захоўваецца ў Нацыянальным архіве Беларусі, фонд 311, «Калекцыя дакумэнтаў вучоных». Слоўнік напісаны ў сшытку ў лінейку памерам 22 на 26 сантымэтраў, чорным атрамантам. Рэестравыя словы стаяць у альфабэтным парадку ў адзін слупок зьлева. Побач — тыя адзінкі, якія аўтар прапусьціў або якімі хацеў пашырыць рэестар.

5. Браніслаў Эпімах-Шыпіла зрабіў больш за 300 правак

Рукапіс слоўніка, відавочна, чытаў Браніслаў Эпімах-Шыпіла, пра што сьведчаць праўкі (іх больш за 300) чырвоным атрамантам па тэксьце слоўніка.

Алоўкам у слоўніку рукой Эпімаха-Шыпілы пазначана: «усяго — 9505 слоў перакладзеных». Пазьней ва ўсіх нататках, нарысах, дасьледаваньнях паўтараецца наступная інфармацыя: «У гэтым слоўніку — больш за 12 тысяч слоў, зь іх 9505 слоў маюць пераклад на беларускую мову».

«Гэта быў дастаткова вялікі па сваім аб’ёме слоўнік. Бо ўсе астатнія, якія выходзілі ў 1920-я гады — маленькія (да прыкладу, слоўнік братоў Гарэцкіх). Пасьля ўліку лексэм, якія паўтараюцца і перакладаюцца па некалькі разоў, фіксацыі аднакарэнных слоў, граматычных формаў і г.д. агульная колькасьць лексэм у слоўніку склала 13 190», — кажа Вераніка Курцова, загадчыца аддзелу дыялекталёгіі і лінгвагеаграфіі.

6. «Чэрпаць зь бясконцай скарбніцы рускай мовы», а не «з запасаў панскіх двароў»

Слоўнік ствараўся на пачатку ХХ стагодзьдзя, калі вельмі востра стаялі пытаньні артаграфіі, ішлі бурныя дыскусіі пра літаратурную мову, пра тое, якія павінны быць яе стандарты.

«У артаграфічным аспэкце слоўнік вельмі цікавы тым, што Ярушэвіч вельмі выразна заявіў сваю пазыцыю: ён трымаецца таго, што мы называем заходнефільствам. Ярушэвіч лічыў, што ў слоўніках, якія выдавалі Гарэцкія, вельмі вялікая перавага аддавалася польскамоўным запазычаньням. Яны аселі, прыжыліся ў народзе, але разам з тым захоўвалі чужое аблічча.

Ярушэвіч заявіў, што ў нас досыць сродкаў, і стараўся выкрасьліць гэтыя словы з ужытку. Таму ў слоўніку такіх лексэм — адзінкі. Але вучні, якія зьбіралі матэрыял, ня вельмі добра валодалі беларускай, размаўлялі па-расейску, таму гэтыя хібы захаваліся ў слоўніку цалкам», — кажа Вераніка Курцова.

Пры адборы матэрыялу ў слоўнік Ярушэвіч прытрымліваўся тых установак, якія ў выглядзе крытычных заўваг выклаў у рэцэнзіі на слоўнік Гарэцкіх (Руска-беларускі слоўнік. Браты М. і Г. Гарэцкія. Смаленск, 1918 год). Рэцэнзія выйшла ў тым жа 1918 годзе ў петраградзкім часопісе «Чырвоны шлях».

У прыватнасьці: пры зборы матэрыялу арыентавацца на «агульнабеларускую гаворку, гаворку беларускага цэнтру (Барысаў — Ігумен — Менск)»; «чэрпаць зь бясконцай скарбніцы рускай цуднай мовы», а не «з запасаў панскіх двароў».

7. У слоўніку багата сынонімаў

Як падаецца лексыка ў перакладным слоўніку? З аднаго боку, гэта звычайны гнездавы спосаб, кажа Вераніка Курцова.

«Але ў Ярушэвіча прыводзілася вельмі вялікая колькасьць сынонімаў, выкарыстоўваючы якія, можна перадаць самыя дакладныя адценьні ў значэньні таго ці іншага слова».

Да прыкладу, «детство» Ярушэвіч падае як дзяцінства, маленства (з пазнакай «Гарэцкі»), маленкосьць. «С детства» — змалку.

А «детина» — байбус, бейбус, бамбіза, бусайла (Гарэцкі).

«Уважение»: увага, павага, шанаваньне, пашана.

«Метель»: мяцеліца, завея, завіруха, вея, сумець (Гарэцкі).

«Горе»: бяда, злыбяда, жаль, нуда, нядоля, няўцеха. «Горе мне» — авохці мне (Гарэцкі).

8. «Ян, Янка, Янук, Ясь»

У слоўніку шмат уласных назоўнікаў.

Імёны: Аляксандэр і Алесь; Гельяш і Ілля; Юрка; Грігор і Грішка; [Іван], Ян, Янка, Янук, Ясь; Паўлюк і Павал; Пятрусь, Пятрок і Пятрук.

Гарады: Вільня; Вітэбск і Вітабск; Гродня; Коўна; Лепэль; [Мінск] і Менск; Петраградзь; Полац{а}к.

Ёсьць краіны, часткі сьвету: Ба[ў]гарія, Беларусь і Беларущіна, Гэрманія, Індзія, Маскоўщіна, Немеччіна, Пэрсыя, Расея, Сыбір, Украйна.

А таксама — рэкі, азёры, моры, сьвяты народна-цакоўнага календара, імёны сьвятых, кнігі Сьвятога Пісаньня...

9. Гыжа, кракліцца, тубаця, шпэла...

Асобны разьдзел — «Оригинальные, редкие и непонятные слова». Ён быў дададзены самім Ярушэвічам, словаў у ім 461. Большасьць іх сучаснай беларускай літаратурнай мове добра знаёмыя: аповесьць, будыніна, вобмаль, вырай, глеба, дабрадзей... Але некаторыя ў яе не ўвайшлі, і знайсьці іх у гаворках можа быць няпростым заданьнем — асабліва калі да іх не дададзены пераклад або ілюстрацыя.

10. «Калі кажуць, што мова наша бедная, відавочна — бедны розум таго, хто так кажа»

«Расейска-беларускі слоўнік» Апанаса Ярушэвіча — сапраўды сыстэматызаваны каталёг сродкаў, якія мелі шырокі ўжытак у беларускім маўленьні на пачатку ХХ ст. І гэтыя адзінкі жывуць у нашых беларускіх гаворках, кажа Вераніка Курцова.

«Паколькі гэта архіўная спадчына, мы павінны выкарыстоўваць гэты слоўнік як дакумэнт. А гэта значыць, цалкам захаваць аблічча напісаньня слоў у тым выглядзе, у якім яны пададзеныя ў Ярушэвіча. І захаваць сыстэму агульнапрынятых умоўнасьцяў, якія характэрныя для любога слоўніка.

Праца над матэрыялам паказала, наколькі багаты маўленчы рэпэртуар сродкаў, які быў характэрны для беларускай мовы на пачатку ХХ стагодзьдзя. Калі кажуць, што мова бедная, відавочна — бедны розум таго, хто так кажа», — перакананая загадчыца аддзелу дыялекталёгіі і лінгвагеаграфіі Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа Вераніка Курцова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG