Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі будзе, невядома». Зьявілася інфармацыя пра затрыманьне гендырэктара «Белмытсэрвісу»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дзьве крыніцы пацьвердзілі Свабодзе інфармацыю пра затрыманьне гендырэктара кампаніі «Белмытсэрвіс» Юрыя Караля. Пакуль афіцыйнага іх пацьверджаньня або абвяржэньня ў самой кампаніі і праваахоўных органах няма.

Раніцай 19 лютага ў прыёмнай гендырэктара кампаніі гэтых зьвестак не пацьвердзілі, але і не абверглі.

«Яго пакуль няма, злучыць зь ім не магу; калі будзе, невядома», — адказала карэспандэнту Свабоды сакратарка гендырэктара.

На наўпростае пытаньне пра магчымае затрыманьне гендырэктара яна адказала: «Гэтыя зьвесткі мы не камэнтуем».

Таксама яна адмовілася камэнтаваць паведамленьні пра тое, што разам з Юрыем Каралём нібыта затрымалі 5 супрацоўнікаў кампаніі.

«Афармленьне спыненае, усе грузы стаяць, уключна з выпушчанымі для правядзеньня праверкі; прызначаюцца ацэначныя і таваразнаўчыя экспэртызы на ўсе грузы і ўсе віды тавараў. Выпуск толькі пасьля вынікаў, па ўзгадненьні з начальнікам мытні: асабіста і пад асабістую адказнасьць — пасьля татальных праверак цаны тавараў ад вытворцы, з прыкладаньнем прайс-лістоў вытворцы да дакумэнтаў праверкі», — паведаміла пра сытуацыю пасьля затрыманьня гендырэктара «Белмытсэрвісу» ананімная крыніца.

Інфармацыю пра затрыманьне Караля Свабодзе пацьвердзіў таксама мытны брокер зь Менску, паводле ягоных словаў, гэта здарылася 18 лютага.

Сам «Белмытсэрвіс» па абедзе 19 лютага на сваім сайце зьмясьціў паведамленьне, што кампанія дзейнічае ў штатным рэжыме:

«РУП «Белмытсэрвіс» у рамках дагаворных адносін у поўным аб'ёме выконвае ўсе ўзятыя на сябе абавязацельствы».

Пры гэтым у кампаніі ніяк не згадалі зьвестак пра затрыманьне іх кіраўніка, не пацьвердзілі і не абверглі іх.

Праавахоўныя органы маўчаць

Атрымаць камэнтар у КДБ Беларусі пакуль не ўдалося. З раніцы маўчыць і тэлефон прэсавай службы Мытнага камітэту.

Сяргей Кабаковіч
Сяргей Кабаковіч

Прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч сказаў Свабодзе, што не валодае інфармацыяй пра затрыманьне гендырэктара «Белмытсэрвісу» Юрыя Караля.

«Белмытсэрвіс» — найбуйнейшы лягістычны апэратар Беларусі з уласнымі мытнымі тэрміналамі і транспартнымі цэнтрамі. У структуры прадпрыемства — тры дзясяткі офісаў і 250 пунктаў абслугоўваньня па ўсёй краіне.

Як гаворыцца на карпаратыўным сайце, кампанія аказвае поўны комплекс паслуг, уключна са складзкой апрацоўкай, мытным афармленьнем, паручальніцтвам, экспэдаваньнем, міжнароднай перавозкай грузаў любым відам транспарту і распрацоўкай праграмнага забесьпячэньня.

Год таму ў гэтым ж час дырэктар прадпрыемства Юры Кароль расказваў журналістам, што тэмпы росту выручкі кампаніі пастаянна растуць, ягоныя супрацоўнікі штогод афармляюць блізу паўмільёна заявак ЭПІ — электроннага папярэдняга інфармаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG