Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускаму байцу-добраахвотніку забаранілі ўезд ва Ўкраіну, нягледзячы на кантракт з войскам


Беларускаму добраахвотніку, які ў розныя часы служыў у складзе добраахвотніцкіх батальёнаў «Азоў» і «Правы сэктар», забаранілі ўезд ва Ўкраіну на тры гады, нягледзячы на тое, што ён мае кантракт на службу ва Ўзброеных сілах Украіны, які заканчваецца ў лютым 2021 году.

«Я жыву ва Ўкраіне ўжо чатыры гады, і ўвесь час знаходзіўся легальна. У мяне не было ніякіх парушэньняў украінскага заканадаўства аб знаходжаньні ва Ўкраіне — я ўвесь час быў тут на законных падставах. І цяпер такое пытаньне, што памежная служба спрабуе нейкія рэпрэсіі супраць мяне рабіць. Я думаю, што гэта непрафэсійна, гэта неэтычна з маральнага боку. І ўвогуле жах... Трэба зь імі змагацца, і я лічу, што тут будзе перамога за мной», — сказаў Свабодзе добраахвотнік Дзьмітры.

Паводле яго, памежная служба Ўкраіны прызначыла яму штраф за нібыта парушэньне тэрмінаў знаходжаньня замежных грамадзян ва Ўкраіне, калі ён выяжджаў на адпачынак з жонкай. А пасьля таго, як Дзьмітры адмовіўся сплаціць штраф і пачаў абскарджваць дзеяньні памежнікаў у судзе, памежная служба вынесла рашэньне аб забароне ўезду на тры гады.

Беларускі добраахвотнік сьцьвярджае, што пры апытаньні памежнікі нават не пацікавіліся, на якіх падставах ён увесь час знаходзіцца ва Ўкраіне.

Майдан, Данецкі аэрапорт, Аўдзееўка

Дзьмітры прыяжджаў ва Ўкраіну ў 2014 годзе, калі адбываліся масавыя акцыі пратэсту, а канчаткова пераехаў у сакавіку 2015 году. Браў удзел у баявых дзеяньнях каля Данецкага аэрапорту, шахты «Бутаўка» і прамзоны паблізу Аўдзееўкі. Пад час выхаду ў адну з выведак атрымаў раненьні, але ўжо праз суткі зноў вярнуўся ў зону баявых дзеяньняў.

Беларускі добраахвотнік кажа, што, нягледзячы на публічныя заявы кіраўніцтва краіны, легалізацыя іншаземцаў, якія служаць па кантракце ва ўкраінскім войску, па-ранейшаму застаецца праблемай:

«У майго сябра, які служыць, скралі пашпарт. І ў яго вайсковы білет — адзіны легальны дакумэнт. Але на яго падставе ён ня можа паехаць ні за мяжу, ні зрабіць нічога іншага. Гэта значыць, пакуль ёсьць білет, ён легальна тут знаходзіцца, а калі завершыцца кантракт, у яго будзе толькі два варыянты — альбо працягваць кантракт, або заставацца тут нелегалам. Таму што існы закон не прадугледжвае легалізацыі без пашпарта.

А новы законапраект, які цяпер разглядаецца ў парлямэнце, не вырашае праблемаў людзей, у якіх пашпарт скралі, або ён згублены ці згарэў у часе баявых дзеяньняў. У законапраекце прадугледжваецца, што людзі, у якіх скончыўся тэрмін дзеяньня пашпарта, могуць з гэтым пашпартам падаваць на легалізацыю. Але што рабіць бяз пашпарта? Бо ў большасьці людзей праблемы ня ў тым, што скончыўся тэрмін дзеяньня пашпарта, а ў тым, што яго няма. Тут ёсьць хлопцы, якія яшчэ з Майдана ваююць, і ў іх пашпарта ўжо некалькі гадоў няма».

Міграцыйная служба: знаходжаньне легальнае

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны Свабодзе адмовіліся пракамэнтаваць гэтую сытуацыю, накіраваўшы да Дзяржаўнай міграцыйнай службы. У Дзяржаўнай міграцыйнай службе падкрэсьлілі, што вайсковы білет, які выдаецца замежным грамадзянам на падставе кантракту з Узброенымі сіламі, ёсьць законным дакумэнтам, які легалізуе знаходжаньне іншаземца на тэрыторыі Ўкраіны.

Летась у верасьні ўкраінская партыя «Нацыянальны корпус» на чале з дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэем Білецкім арганізавала пад парлямэнтам акцыю з патрабаваньнем легалізаваць замежных добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Ўкраіны на Данбасе. Пасьля пікету каля Вярхоўнай Рады некалькі добраахвотнікаў, у тым ліку і зь Беларусі, накіраваліся да Адміністрацыі прэзыдэнта — там яны прыкавалі сябе кайданкамі да агароджы на вуліцы за некалькі сотняў мэтраў ад адміністрацыі ўкраінскага кіраўніка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG