Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фонд Марыны Парашэнкі патраціў 40 тысяч даляраў на беларускі «Свабодны тэатар»


Першы выступ Беларускага свабоднага тэатра ў Кіеве прайшоў з аншлягам. Спэктакль «Burning Doors» («Палаючыя дзьверы») адбыўся на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Івана Франка ў Кіеве
Першы выступ Беларускага свабоднага тэатра ў Кіеве прайшоў з аншлягам. Спэктакль «Burning Doors» («Палаючыя дзьверы») адбыўся на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Івана Франка ў Кіеве

Украінскі культурны фонд, які на грамадзкіх пачатках ачольвае Марына Парашэнка, жонка дзейнага прэзыдэнта Ўкраіны, абнародаваў фінансавую справаздачу сваёй дзейнасьці ў 2018 годзе.

На працягу году фонд дапамог у фінансаваньні 293 праектаў у сфэры культуры і інклюзіўнага мастацтва агульнай вартасьцю 139,4 мільёна грыўняў (больш як 5 мільёнаў даляраў у эквіваленце).

Марына Парашэнка
Марына Парашэнка

У шэрагу гэтых праектаў — паказ у Кіеве спэктаклю «Burning Doors» («Палаючыя дзьверы»), пастаўленага беларускім «Свабодным тэатрам». На яго Ўкраінскі культурны фонд выдаткаваў 1,022 мільёна грыўняў (амаль 38 тысяч даляраў у эквіваленце) арганізатару гастроляў беларускага тэатра — кампаніі «ГАС Канцэрт».

Ініцыятарам паказу «Burning Doors» у Кіеве стаў украінскі музыка, вакаліст і аўтар тэкстаў гурту «Бумбокс» Андрэй Хлыўнюк, які з 2015 году супрацоўнічае з «Свабодным тэатрам».

Як расказала Свабодзе прэсавая сакратарка гурту Вольга Чарткова, згодна з існымі ўмовамі, Украінскі культурны фонд прафінансаваў 50 адсоткаў выдаткаў: «Другую частку сродкаў дала кампанія-арганізатар „ГАС Канцэрт“».

Арганізатары спэктакля заяўлялі, што ўсе грошы, атрыманыя ад продажу квіткоў, будуць перададзеныя сем’ям украінцаў, якія ўтрымліваюцца ў турмах Расеі. «Мы, як і абяцалі, усе сабраныя грошы перадалі праз фонд, які падтрымлівае сваякоў украінскіх палітвязьняў», — дадала Вольга Чарткова. Яна адмовілася ўдакладніць суму і адрасатаў дапамогі, падкрэсьліўшы нежаданьне надаваць публічнасьць дабрачыннай акцыі.

Праца беларускіх пастаноўшчыкаў Мікалая Халезіна і Натальлі Каляды была прадстаўленая кіеўскім гледачам летась у лістападзе на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Івана Франка ў Кіеве ў межах міжнароднай кампаніі «Вызваліць Сянцова».

У спэктаклі апавядаліся гісторыі трох дзеячаў культуры, якія апынуліся ў турме — актывісткі фэмінісцкага панк-гурту Pussy Riot Марыі Алёхінай, расейскага мастака Пятра Паўленскага і ўкраінскага кінарэжысэра Алега Сянцова. У спэктаклі гучала музыка гурту «Бумбокс».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG