Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таварыства аховы помнікаў атрымала згоду на стварэньне мэмарыялу праведнікаў сьвету


Мэмарыял «Яма», архіўнае фота

Знак павінен ушанаваць памяць жыхароў Беларусі негабрэйскага паходжаньня, якія ў час Другой сусьветнай вайны ратавалі габрэяў ад Галакосту.

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры атрымала згоду ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на працу ў стварэньні мэмарыяльнага знака праведнікам сьвету.

Гэта стала нагодай для чацьвёртай сустрэчы аргкамітэту стварэньня знака ў Гістарычнай майстэрні Леаніда Левіна на вуліцы Сухой.

Паводле колькасьці праведнікаў народаў сьвету, Беларусь займае восьмае месца ў сьвеце: гэтае званьне ўжо атрымалі каля 900 чалавек. На афіцыйным узроўні памяць пра гэтых асобаў ушанаваная толькі ў выглядзе алеі каля мэмарыялу «Яма» ў Менску.

Аўтарская задума Леаніда Левіна прадугледжвала ў архітэктурным праекце мэмарыялу «Яма» асобную частку, на якой павінны былі быць адзначаныя прозьвішчы Праведнікаў сьвету зь Беларусі. Але з розных прычын гэтая задума не была выкананая і ўвасабленьне сёньняшняга мэмарыялу няпоўнае.

​На сустрэчы аргкамітэту прысутнічалі сем сяброў розных ініцыятыў і арганізацый, у тым ліку Галіна Левіна (Архітэктурная майстэрня Леаніда Левіна), каардынатар праекту «Прыпынак Адамовіча» Андрусь Архіпенка, намесьнік старшыні Рады ЗБС «Бацькаўшчына» Валер Герасімаў, а таксама прадстаўнікі габрэйскіх грамадзкіх арганізацый.

Падчас сустрэчы былі разьмеркаваныя кірункі дзейнасьці і адказнасьць паміж удзельнікамі. Дзейнасьць сяброў аргкамітэту будзе скіраваная ў асноўным на практычны аспэкт пытаньня ўстаноўкі помніка: удакладненьне беларускай часткі сьпісу праведнікаў сьвету, камунікацыю наконт спрыяньня дзяржавы праз Фонд культуры, пераклад імёнаў на беларускую мову, збор сродкаў і г.д.

На гэтым этапе вырашаецца, якая з грамадзкіх арганізацый выступіць у ролі заказчыка знака. Неўзабаве на разгляд у манумэнтальную раду пры Мінгарвыканкаме будзе пададзены неабходны пакет дакумэнтаў, і, як толькі праект знака будзе ўхвалены, аргкамітэт пачне кампанію збору сродкаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG