Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жыць далей, горад ці вёска, Ленін ці Ленан. Пра што пыталіся ў Вольскага фундатары альбому «Гравітацыя»


10 лютага Лявон Вольскі сустрэўся з фундатарамі свайго новага альбому «Гравітацыя» ў кавярні «Грай». Музыка сыграў акустычны канцэрт, даў аўтографы і адказаў на пытаньні слухачоў. Свабода выбрала найцікавейшыя.

Новы альбом Лявона Вольскага быў запісаны ў Вільні з нарвэскім саўндпрадусарам Снорам Бэргерудам. Ён завяршае трылёгію, пачатую альбомамі «Грамадазнаўства» (2014) і «Псыхасаматыка» (2016). У складзе гурту Volski выступаюць таксама гітарыст Павал Трыпуць, басіст Алесь Францішак-Мышкевіч і бубнач Павал Мамонаў. Выданьне прафінансаванае праз краўдфандынг — слухачы самі «скінуліся» на альбом.

​«Краўдфандынг для мастацтва ў Беларусі працуе. Тут цэлая заля краўдфандэраў, якія шмат дапамагалі ў стварэньні новага альбому Лявона Вольскага. Краўдфандынг трэба шчыльна плянаваць. Толькі паўтара месяца мы складалі сьпіс лотаў, каб людзі атрымалі нешта такое, што ім будзе прыемна. Натуральна, у Лявона вельмі ляяльная публіка, бо ў мінулым альбоме не было гэтай сыстэмы лотаў. А гэтым разам людзі ня проста дапамагаюць, але штосьці і атрымліваюць ўзамен», — кажа піяр-мэнэджар краўд-кампаніі Зьміцер Безкаравайны.

Зьміцер Безкаравайны
Зьміцер Безкаравайны

​У перапынках паміж выкананьнем песень Лявон Вольскі адказаў на пытаньні слухачоў. Запісалі самыя цікавыя моманты.

— У песьні «Дай мне нагоду» з папярэдняга альбому ёсьць такія радкі: «Менск, як заўжды, забароніць канцэрты, // Вільня чакае, й Варшава чакае, // І толькі Чыкага, і толькі Чыкага…» Што значыць Чыкага?

— Добрая рыфма і таямнічае слова. На момант, калі пісаў гэтую песьню, я ня быў у Чыкага. Пабываў ужо пасьля. Было -15, вельмі халодна, і ўсе пастаянна хаваліся ў барах. Горад вельмі цікавы, мне спадабаўся. А чаму я так напісаў? Ведаеце, бывае, ты не разумееш, што пішаш. Песьню «Тры чарапахі» я напісаў і ня ведаў, пра што пішу. Калі прайшоў год ці два, я зразумеў. Спадзяюся, сёньня ня буду выконваць яе. Калі будзе народнае абурэньне, мы ж не Лукашэнкі — пойдзем вам насустрач вам і выканаем, можа, у скарочанай вэрсіі, як «Тры чарапахі-2».

​— У мяне пытаньне лёгкае. «Тры чарапахі»: Ленан ці Ленін? І чаму?

— Да мяне такое пытаньне? Вядома, Ленан! Хаця гэта, у прынцыпе, адно і тое ж.

— «Гравітацыя» — гэта трэці альбом трылёгіі. Ці ёсьць у вас пляны на штосьці пасьля гэтай трылёгіі?

— Пляны творчыя ў любога чалавека пастаянна мільгацяць, і пакуль што няма чагосьці акрэсьленага. Калі я пісаў першы альбом з трылёгіі, ня думаў, што атрымаецца трылёгія.

​— Фінал альбому вельмі трагічны. Пасьля яго цяжка жыць далей. Як вы здолееце?

— А трэба ж жыць, праўда?

— Трэба. Варыянтаў няма.

— Значыцца, будзем спрабаваць неяк жыць.

Хацеў вельмі падзякаваць ад пакаленьня 2000-х вам, N.R.M, «Краме». Гэтыя гурты рабілі больш для Беларусі, чым усе міністэрствы, якія ёсьць.

— Больш, чым міністэрствы, якія ёсьць, — гэта значыць, што можна было б увогуле нічога не рабіць.

— Як вы лічыце, ці будзе якое-небудзь адраджэньне? Ці магчыма гэта? Што б вы маглі параіць такім, як я, і больш маладым людзям рабіць у гэтым сэнсе?

— Вы гаворыце, што вам не падабаецца Ціма Беларускіх, я так разумею?

— Не зразумеў, прабачце. (Сьмех у залі і аплядысмэнты)

— Няўклюдна паспрабаваў пажартаваць, прабачце. Хто ідзе за намі? Гэта ня нашая справа, хто за намі ідзе. Мы маем, што маем, Адбываецца тое, што адбываецца. Гэта жыцьцё. Калі ніхто не падхоплівае сьцяг, значыць, так і ёсьць. Наш сум, нічога такога страшнага ў гэтым няма.

Ленін, Ленан ці Карл Лінэй. Калі памятаюць людзі, гэта швэдзкі біёляг. Ты працаваў са скандынаўскімі музыкамі. Чым яны, на твой погляд, адрозьніваліся ад беларускіх?

— Я працаваў з нарвэскім саўндпрадусарам. На рэпэтыцыях яны вельмі нястомныя. Яны могуць рэпетаваць 7-8 гадзінаў запар. У нас ужо звычайна на трэцяй гадзіне чалавек ламаецца. Зьяўляюцца нейкія іншыя справы, сям’я, нейкі іншы праект. А нарвэскія проста робяць перапынак на абед, і далей мы рэпетуем яшчэ пяць гадзінаў, каб нармальна сыграць на канцэрце. Такая розьніца падыходаў. Скандынаўскія музыкі вельмі аддадзеныя справе і думаюць пра вынік.

Марыяна Вольская, жонка Лявона
Марыяна Вольская, жонка Лявона

​— Горад ці вёска?

— Гледзячы які горад і гледзячы якая вёска. Я вельмі люблю сваю вёску і сваю хату там. Горад таксама. Трэба знаходзіць патрэбную мяжу паміж гэтым і тым.​

Які ваш альбом падабаецца вам больш?

— Мне заўсёды ўсе мае альбомы падабаюцца, і гэты таксама.

— А чаму?

— Таму што ён клясны.

Лявон Вольскі прэзэнтуе новы альбом на канцэрце 2 сакавіка ў клюбе Prime Hall. Квіткі ўжо ў продажы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG