Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вырак суду: івацэвіцкага «стралка» адправяць на прымусовае лекаваньне 


Будынак міліцыі ў Івацэвічах

У Івацэвічах абвясьцілі прысуд па крымінальнай справе аб забойстве і замаху на забойства ўчастковых інспэктараў міліцыі мясцовым жыхаром.

Як паведаміў БелТА старшы пракурор аддзелу пракуратуры Берасьцейскай вобласьці Генадзь Буры, на выязным пасяджэньні калегія па крымінальных справах Берасьцейскага абласнога суду вынесла вырак у адносінах да мужчыны 1961 году нараджэньня. Справа разглядалася ў адсутнасьць абвінавачанага, які знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.

«Ён вызвалены ад крымінальнай адказнасьці, да яго будуць ужытыя меры бясьпекі ў выглядзе прымусовага лячэньня ў псыхіятрычным стацыянары са строгім назіраньнем», — сказаў пракурор.

Трагедыя ў вёсцы Бабровічы здарылася 17 жніўня мінулага году. Мясцовы жыхар пачаў страляць па ўчастковых інспэктарах, якія праводзілі плянавую праверку парадку захоўваньня зброі.

У выніку супрацоўнік 1976 году нараджэньня быў сьмяротна паранены, яго малодшы калега атрымаў сур’ёзныя траўмы. Трэці міліцыянт пасьпеў схавацца за бэтонным плотам.

Вясковец ад 1987 году зарэгістраваны як паляўнічы, меў дзейны дазвол захоўваць і насіць агнястрэльную зброю. Пасьля затрыманьня яго ўзялі пад варту. Судовая псыхоляга-псыхіятрычная экспэртыза паказала, што ў момант злачынства абвінавачаны цярпеў на псыхічны разлад.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч

Самае папулярнае

XS
SM
MD
LG