У сераду кіраўнік Цэнтральнага камандаваньня ЗША генэрал Джозэф Вотэл на слуханьнях у Cэнаце заявіў, што тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава» будзе прадстаўляць устойлівую пагрозу пасьля заплянаванага сыходу амэрыканскіх войскаў з Сірыі.
Паводле Вотэла, ІД захавала лідэраў, баевікоў, пасярэднікаў і рэсурсы, якія будуць падсілкоўваць іх тэрарыстычную дзейнасьць.
Генэрал, які курыруе ваенныя апэрацыі на Блізкім Усходзе, паведаміў, што тэрарыстычная групоўка ІД усё яшчэ кантралюе каля 52 квадратных кілямэтраў тэрыторыі Сірыі, што нашмат менш 88 тысяч квадратных кілямэтраў, якія кантралявалі баевікі ў 2014 годзе.
На думку кіраўніка Цэнтральнага камандаваньня, калі ня будзе пастаяннага процідзеяньня тэрарызму, групоўка «можа адрадзіцца ў Сірыі на працягу шасьці-дванаццаці месяцаў і вярнуць сабе абмежаваную тэрыторыю» у даліне ракі Эўфрат.
Слуханьні ў Сэнаце прайшлі праз некалькі тыдняў пасьля нечаканай заявы прэзыдэнта Дональда Трампа аб намеры вывесьці амэрыканскія войскі з Сірыі і значна скараціць амэрыканскі кантынгент у Афганістане.
Джозэф Вотэл заявіў, што зь ім не кансультаваліся з нагоды рашэньня вывесьці амэрыканскія войскі з Сірыі.