Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы мэр сталіцы Сальвадору абвясьціў пра сваю перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах


Наіб Букеле са сваімі прыхільнікамі ў дзень галасаваньня, 3 лютага 2019
Наіб Букеле са сваімі прыхільнікамі ў дзень галасаваньня, 3 лютага 2019

Былы мэр Сан-Сальвадору Наіб Букеле ў нядзелю абвясьціў аб сваёй перамозе на выбарах прэзыдэнта Сальвадору.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Паводле Букеле, ён атрымаў дастаткова галасоў, каб пазьбегнуць другога туру.

«У дадзены момант мы можам абвясьціць з поўнай пэўнасьцю, што мы перамаглі на прэзыдэнцкіх выбарах», — сказаў ён.

Былы міністар замежных спраvaў Уга Марцінэс, які прадстаўляў Фронт нацыянальнага вызваленьня імя Фарабунда Марці, прызнаў сваю паразу. Паводле неафіцыйных вынікаў галасаваньня, ён заняў трэцяе месца.

Агенцтва Associated Press паведаміла раней, што пасьля падліку дзьвюх трацінаў бюлетэняў Букеле набраў каля 53% галасоў.

Перадвыбарчыя апытаньні таксама сьведчылі аб падтрымцы Букеле.

Усе чацьвёра кандыдатаў давалі выбаршчыкам практычна аднолькавыя абяцаньні, уключаючы пашырэньне эканамічных магчымасьцяў і барацьбу з бандамі і злачыннасьцю. Сальвадор зьяўляецца адным з усясьветных лідэраў паводле колькасьці забойстваў.

Букеле, які заўсёды лічыў сябе лібэралам, крытыкаваў левых, якія былі ва ўладзе. Ён балятаваўся ў якасьці кандыдата ад нядаўна сфармаванага «Шырокага альянсу за нацыянальнае адзінства».

Дзьве партыі — левы Фронт нацыянальнага вызваленьня імя Фарабунда Марці і кансэрватыўны Нацыяналістычны рэспубліканскі альянс — дамінавалі ў сальвадорскай палітыцы з моманту заканчэньня грамадзянскай вайны ў 1992 годзе.

Але ніводная зь іх не дамаглася посьпеху ў нэўтралізацыі бандаў і ажыўленьні эканомікі.

Многія выбаршчыкі лічаць, што абедзьве традыцыйныя партыі карумпаваныя, і кажуць пра неабходнасьць пераменаў.

Каля траціны сальвадорцаў жывуць у беднасьці.

Многія жыхары краіны далучаліся да караванаў мігрантаў з краін Цэнтральнай Амэрыкі, якія накіроўваліся да мяжы ЗША і Мэксыкі ў пошуках лепшага жыцьця ў Злучаных Штатах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG