Пэнтагон паведамляе, што накіруе дадатковыя падразьдзяленьні (агулам 3 тысячы 750 вайскоўцаў) на мяжу ЗША і Мэксыкі, каб дапамагчы памежным службам і ўсталяваць яшчэ 240 кілямэтраў калючага дроту.
Папаўненьне, пра якое Пэнтагон абвясьціў 3 лютага, давядзе агульную колькасьць вайскоўцаў на паўднёвай мяжы ЗША да 4 350. У заяве сказана, што разгортваньне войскаў будзе доўжыцца да 30 верасьня.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп загадаў амэрыканскім войскам размясьціцца на мяжы яшчэ ў красавіку 2018 году, каб дапамагчы справіцца з чаканым наплывам імігрантаў з Цэнтральнай Амэрыкі. Крытыкі абвінавачвалі Трампа ў тым, што ён выкарыстоўвае вайскоўцаў у палітычных гульнях.
Трамп называе сытуацыю на амэрыкана-мэксыканскай мяжы крызісам і настойвае на фінансаваньні будаўніцтва масіўнай сьцяны ўздоўж мяжы. Апазыцыйныя дэмакраты лічаць гэты праект дарагім і непатрэбным і паказваюць, што іншыя сродкі будуць больш эфэктыўнымі для кантролю над нелегальнай іміграцыяй і незаконным абаротам наркотыкаў.
Супрацьстаяньне па фінансаваньні будаўніцтва сьцяны прывяло да 35-дзённага частковага закрыцьця фэдэральнага ўраду, якое скончылася 25 студзеня.