Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раман Арлоў і «У нескладовае» вярнуліся ў рок-музыку. Інтэрвію перад канцэртам


Раман Арлоў і гурт «У нескладовае»
Раман Арлоў і гурт «У нескладовае»

Першага лютага на сцэне менскага Моладзевага тэатру эстрады пасьля 5 гадоў перапынку дасьць канцэрт гурт «У нескладовае» — аўтарскі праект музыкі і выканаўцы Рамана Арлова.

У праграме «На тонкай мяжы» — старыя гіты і новыя рэчы, фрагмэнты рок-опэры пра князя Ўсяслава Чарадзея ды песьні з рэпэртуару гурту J:Морс.

Афіша канцэрту
Афіша канцэрту

Свабода пацікавілася ў Рамана Арлова, якія яшчэ сюрпрызы падрыхтавала аматарам сваёй творчасьці каманда «У нескладовае».

Паўза пасьля разагрэву ў Deep Purple

— Раман, праект пад назвай «У нескладовае» мае шэраг творчых здабыткаў, але ў якасьці музычнага калектыву на сцэне не зьяўляўся ўжо даволі даўно. У чым прычына паўзы?

Раман Арлоў і ягонае Ў
Раман Арлоў і ягонае Ў

— Сапраўды, калі лічыць «У нескладовае» стандартным рок-гуртом, апошні публічны выступ адбыўся ў канцы 2013 году ў «Менск-Арэне»: нас запрасілі на разагрэў да Deep Purple, быў даволі вялікі сэт. Пасьля гэтага ў музычнай частцы атрымалася шматкроп’е, распачалася маштабная праца над фолк-рок-опэрай «Чарадзей». Усе сілы былі кінутыя менавіта туды.

Агулам выпусьцілі яе сем разоў: двойчы ў Беларускай дзяржаўнай філярмоніі, двойчы ў Тэатры эстрады, двойчы ў Бельску-Падляскім і раз у менскім клюбе «Бруге». Гэта была велізарная праца плюс абсалютна незалежная тэатральная ініцыятыва, таму займаліся найперш ёй. Разам з тым «У нескладовае» выконвала ў праекце ролю аркестру, таму мы не прыпыніліся, а проста перайшлі ў буйную форму. Гэта істотны момант.

— Паралельна ў розных варыянтах ішла дзіцячая казка пра «Неверагодныя прыгоды літары Ў»...

— Так, і ад канца 2017-га яна яшчэ больш вымагала часу, чым нават «Чарадзей»: за два гады мы выпусьцілі 17 спэктакляў, уявіце! Які яшчэ гурт у беларускай рэальнасьці робіць штосьці падобнае? Баюся, што ніякі.

Зімовыя прыгоды «Літары Ў»
Зімовыя прыгоды «Літары Ў»

Але ў гэты момант я схапіся за галаву: пішуцца новыя песьні, і хочацца вярнуцца да вытокаў. І таму заявілі вось гэты канцэрт — проста каб пайграць песьні. А то паступова пачаў ператварацца ў тэатральнага прадусара, карабаса-барабаса, які езьдзіць па горадзе з раставой лялькай казы. У мяне ўжо ўся кватэра забітая тэатральнымі касьцюмамі. Хоць часам трэба ўспамінаць, што ты яшчэ рок-музыка, кампазытар.

Нельга быць «крыху» беларускім

— У свой час праект «У нескладовае» аб’яднаў шмат вядомых музыкаў і выканаўцаў. Якіх гасьцей можна чакаць на канцэрце?

— Адразу скажу: колькасьць гасьцей я абмежаваў. Мне прапаноўвалі запрасіць усю тусоўку, зь якой «У нескладовае» пачыналася, але ёсьць адзін важны нюанс. Праект апрыёры ня мог доўга існаваць у тым варыянце, у якім быў заяўлены — з кучай зорак. У кожнага была свая матывацыя, свая песьня, свая публіка. Нарэшце трэба сфакусавацца на больш-менш стандартным складзе.

Фрагмэнт фолк-рок-опэры «Чарадзей»
Фрагмэнт фолк-рок-опэры «Чарадзей»

Да таго ж мае сымпатыі палягаюць у тых людзях, якія сапраўды займаюцца беларускай культурай. Асабіста мне не падабаецца, калі нейкі рок-гурт сьпявае дваццаць песень па-расейску, а потым выканалі адну рэч на беларускай мове — і сталі героямі. Як той казаў, нельга быць напалову цяжарным ці крыху п’яным. Калі ты ў гэта верыш, то для цябе гэта не гульня.

— Ну і хто застаўся ў выніку?

— Асабіста я буду рады бачыць на сцэне «Гуду», зь якімі мы робім казку, навучэнцаў Школы традыцыйнага мастацтва, Алега Хаменку. Будзе некалькі нумароў з «Чарадзея», таму зойдзе базавы актор, рэзыдэнт філярмоніі, удзельнік фолк-гурту «Купалінка» Ўладзімер Сьцепанкоў. У першых пастаноўках ён выконваў ролю князя. Гасьцей няшмат, але гэта асэнсаваныя госьці, для якіх не стаіць пытаньне, што яны робяць у беларускай культурнай прасторы.

Канцэрт да 15-годзьдзя гурту J:Морс
Канцэрт да 15-годзьдзя гурту J:Морс

Паміж J:Морс і аўтарскім багажом

— Ведаю, што зьбіраецеся сьпяваць некаторыя рэчы з рэпэртуару J:Морс. Як будуць выконвацца аўтарскія правы?

— Тут што трэба ведаць. Пасьля майго сыходу з каманды — гэта было ўжо досыць даўно — Валодзя Пугач і кампанія нейкі час выконвалі мае песьні: «Маё сонца», «Адлегласьць», «Паветра», «Яна». Безь мяне. Але яны пішуць свае рэчы, а мае застаюцца пры мне. Больш за дзясятак трэкаў, некаторыя я лічу проста супэрскімі, ня граюцца. І гэта кепска. Адзіны гурт, які можа сытуацыю выправіць, гэта «У нескладовае», бо іх аўтар — Раман Арлоў. Сёньня некалькі мы выканаем, у прыватнасьці «Адлегласьць», якая некалі дала назву беларускамоўнаму альбому. Ну і нейкія іншыя з таго часу.

— Ці варта чакаць новага альбому ці прынамсі сынглу? Адзіны альбом вашага праекту датуецца 2010 годам...

— Гэта якраз той зоркавы фармат, дзе сабрана вялізная колькасьць вядомых вакалістаў — Віталь Артыст, Аня Хітрык, Аляксандар Памідораў, Лёша Хлястоў. Тэатар, па сутнасьці. Потым быў сынгл «Будзьма беларусамі» і трэк «Станцыя» з расейскімі «Братамі Грым». Усе гэтыя рэчы былі даволі высока адзначаныя ў мэдыйнай прасторы.

Раман Арлоў і «У нескладовае»: «Будзьма беларусамі»:

Да альбому справа сапраўды не дайшла. Але матэрыял пакрысе зьбіраем, сыстэматызуем, сёньня нешта ўпершыню прагучыць. Я б сказаў, будзе цэлы парад прэм’ераў. Таму ў плянах гэта ёсьць: засесьці на некалькі месяцаў у студыі. Прынамсі спадзяюся, што ў другой палове году ўдасца выпусьціць альбом і правесьці яго прэзэнтацыю. Вось такія пляны.

«Чарадзей» як гістарычны лікбез іншаземцам

— Значыць, калі ў свой час «У нескладовае» паставілі на паўзу, каб рэалізаваць «Чарадзея», то зараз адбываецца наадварот?

—Выглядае, што так. І спадзяюся, што год-паўтара публіка патрывае да чарговага паказу. Заадно ўжо прыадкрыю заслону: паралельна мы працуем над англамоўнай вэрсіяй «Чарадзея». На маё перакананьне, гэта ўнівэрсальны сюжэт, які ў сучаснай тэатралізаванай форме можа расказаць іншаземцам пра вельмі цікавы прамежак беларускай гісторыі. Таму амбіцыі значныя, хочацца ствараць новыя інфармацыйныя нагоды — як з «Чарадзеем», так і з запісам новага альбому.

Раман Арлоў
Раман Арлоў

Раман Арлоў — рок-музыка і кампазытар. Скончыў Дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт. Адзін зь лідэраў гурту J:Морс — граў на гітары, быў аўтарам песьняў.

У 2009 годзе стварыў музычны праект «У нескладовае». Першая рэч пад назвай «Ня кожны» была прэзэнтаваная ў красавіку 2010-га, а ўжо ў кастрычніку пры дапамозе культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» выйшаў дэбютны альбом «У нескладовае». У яго запісе бралі ўдзел вакалісты гуртоў «Безь Білета», «J:Морс», «Дзецідзяцей», The Stokes, Dali, «Харлі», Why Not, Аляксандр Памідораў, Аляксей Хлястоў.

Аўтар тэатральна-музычных пастановак для дзяцей і дарослых — рок-фолк-опэры «Чарадзей» і казкі «Прыгоды літары Ў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG