Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрываем Беларусь. Куды зьезьдзіць і што паглядзець у лютым


Што і дзе варта паглядзець у месцах, дзе віруе беларускае жыцьцё? Свабода дапамагае арыентавацца ў багацьці выбару.

Менск, вандроўка «Кававыя гісторыі»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На нядзелі 3 і 10 лютага заплянаваныя першыя беларускамоўныя аўтарскія кававыя вандроўкі па Менску. На «дэсэрт» — гісторыі пра найлепшыя гарадзкія кавярні ды цукерні пазамінулага стагодзьдзя, а таксама пра вядомых асобаў, што іх наведвалі.

«Адмыслова для сапраўдных вандроўнікаў ды каваманаў выкшталцоныя філіжанкі з гарачымі менскімі кававымі гісторыямі ды гістарычнымі смачнюшкамі, якія сагрэюць вас у зімовыя халады, падрыхтавала экскурсавод Натальля Сінкевіч», — інтрыгуюць арганізатары кававага прамэнаду.

Праз войны і неахайнае стаўленьне да гістарычнай і архітэктурнай спадчыны Менск шмат у чым страціў сваю ўнікальнасьць. Тым цікавей наведаць куточкі, якія захавалі прыкметы аўтэнтычнасьці.

Кошт вандроўкі — 15 рублёў, заўсёднікам і групам ад 4 чалавек будзе зьніжка. У цану ўключаны кубачак кавы з чакалядай.

Рэгістрацыя на вандроўку праз гугл-форму.

Гомель, выстава «Край палешукоў»

​Увесь люты ў гомельскім палацы Румянцавых і Паскевічаў будзе працаваць выстава «Край палешукоў». Свае працы пакажа фотамастак Уладзімер Верабей, чыя камэра зафіксавала шмат цікавага падчас вандровак па Палесьсі.

«Палесьсе — гэта цуд, падараваны нам лёсам. Каб дакрануцца да нечага нябачнага, але чутнага, існуюць творцы, якія з фотаапаратам ці паходным этуднікам праходзяць сотні кілямэтраў пры любым надвор’і, каб зафіксаваць моманты жыцьця прыроды, падараваць яго нам, занятым штодзённай працай у горадзе», — запрашаюць куратары імпрэзы.

Апроч ляндшафтаў, аўтар знаёміць нас з тутэйшымі людзьмі. На ягоных здымках як простыя палешукі, так і асобы, знакавыя для культурнай прасторы рэгіёну.

Наведнікі змогуць агледзець і сам палацавы комплекс — помнік архітэктуры XVIII–XIX стагодзьдзяў. Усе яго будынкі ўключаныя ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

Горадня, француская сустрэча на Замкавай

Горадня, Стары замак, ілюстрацыйнае фота
Горадня, Стары замак, ілюстрацыйнае фота

​4 лютага можна сумясьціць экскурсійную паездку ў Горадню і сустрэчу зь цікавай суразмоўніцай. Госьцяй абласной бібліятэкі будзе «прафэсійная казачніца» — француская пісьменьніца, пэдагог і тэрапэўт Ганна Лазаўскі.

Перш чым прысьвяціць сябе творчай дзейнасьці, дыплямаваны гісторык з Сарбоны працавала экспэртам па культурнай спадчыне ў Францыі і Этыёпіі, адзначаецца на сайце амбасады Францыі ў Беларусі.

Ганна Лазаўскі дасьледуе міты, архетыпы і сымбалі, каб празь іх перадаваць жыцьцёвую мудрасьць у казках. З 15 гадоў яна ставіць уласныя спэктаклі ў Францыі і за мяжой, ладзіць майстар-клясы пра мастацтва казкі. Лазаўскі стварыла ўнікальную мэтадалёгію, каб з дапамогай казак перадаваць шматграннасьць паняцьця жаноцкасьці.

Яна аўтар анталёгій на тэмы культурнай спадчыны і выдуманага сьвету: «Казкі славянскіх мудрацоў» і «Казкі скандынаўскіх мудрацоў». Летась выйшла яе кніга «Вакол Балтыкі», якая аб’ядноўвае славянскія і скандынаўскія казкі, рыхтуецца да друку кніга «Казкі мудрацоў — захавальнікаў мораў».

Пасьля казачна-тэрапэўтычнага сэансу варта прагуляцца па Замкавай, дзе і месьціцца абласная бібліятэка. Гэта адна з самых старых вуліц Горадні і адзіная ў Беларусі, на якой стаяць адразу два каралеўскія замкі.

Строчыцы, фэст «Кахаем па-беларуску»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

​9 лютага Беларускі дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах (аграгарадок Азярцо) Менскага раёну арганізуе імпрэзу да Дня закаханых. Наведнікаў навучаць рабіць лялькі-неразлучнікі, запросяць на інтэрактыўную праграму з забавамі ў народным стылі.

«Пацешце сваю другую палавінку яркімі народнымі традыцыямі!», — заклікае музэйны сайт.

У праграме сьвята — беларуская народная музыка, танцы, гульні, конкурс «Спраўная пара», майстар-кляс па вырабе лялек. За дадатковую плату можна набыць сувэніры ад народных майстроў, наведаць «Беларускую карчму» на тэрыторыі комплексу.

Кошт квіткоў для дарослых — 6.50 рубля, для школьнікаў і студэнтаў — 4 рублі, для малых дзяцей — бясплатна. Арганізатары просяць паклапаціцца пра абутак і вопратку і не рызыкаваць на абцасах.

Музэй знаходзіцца за 4 кілямэтры ад Менскай кальцавой дарогі за аўтарынкам «Малінаўка». Ад аўтастанцыi «Паўднёва-Заходняя», прыпынкаў «Пятроўшчына» і «Малінаўка-6» ходзяць аўтобусы.

Падневічы — Малая Люцінка, дарогамі Дуніна-Марцінкевіча

Ілюстрацыйнае фота. Помнік Дуніну-Марцінкевічу ў Бабруйску
Ілюстрацыйнае фота. Помнік Дуніну-Марцінкевічу ў Бабруйску

​18 лютага «Куфэрак падарожжаў» запрашае па мясьцінах выбітнага драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча з наведваньнем па дарозе культавых і сядзібных збудаваньняў.

Маршрут пачынаецца з Новага Поля, дзе захаваўся сядзібны дом Друцкіх-Любецкіх (ХІХ стагодзьдзе). У Ракаве — таго ж часу ансамбль, складзены з капліцы-пахавальні Зьдзяхоўскіх і брамы, габрэйскія могілкі XVI стагодзьдзя, касьцёл пачатку ХХ стагодзьдзя, царква канца XVIІІ стагодзьдзя, музэй матэрыяльнай культуры (прыватныя зборы Фэлікса Янушкевіча).

Адсюль — да магілы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Падневічах. Гэта побач зь Люцінкай, дзе ён да апошніх дзён жыў у сваім маёнтку, звольніўшыся зь дзяржаўнай службы. Тут жа капліца-пахавальня Жаброўскіх ХІХ стагодзьдзя.

У Малой Люцінцы — прыпынак у аграсядзібе «Марцінова гусь». Ахвотным прапануюць стравы старалітоўскай і старапольскай кухні (кошт абеду — 12 рублёў) і дэгустацыю традыцыйных напояў па рэцэптах кнігі Алеся Белага «Сакатала бочачка» (дадаткова 4 рублі).

Пасьля пераезд у Івянец. Тут касьцёл пачатку ХХ стагодзьдзя, кляштар францішканаў сярэдзіны XVIІІ стагодзьдзя, сынагога канца ХІХ стагодзьдзя. Завершыцца вандроўка ў Першаях наведваньнем касьцёла Сьвятога Юрыя, збудаванага ў 1920-х гадах.

Кошт падарожжа з экскурсійным забесьпячэньнем — 25 рублёў.

Барысаў, матч плэй-оф БАТЭ — «Арсэнал»

Архіўнае фота. Матч БАТЭ — «Арсэнал» у межах Лігі Эўропы. 2017 год
Архіўнае фота. Матч БАТЭ — «Арсэнал» у межах Лігі Эўропы. 2017 год

Аматары футболу маюць магчымасьць падтрымаць адзінага беларускага прадстаўніка ў эўракубках. 14 лютага ў рамках Лігі Эўропы на «Барысаў Арэне» мясцовы БАТЭ прыме ангельскі «Арсэнал». Гульня пачнецца а 21-й гадзіне.

У групавой стадыі пры канцы мінулага году барысаўцы фінішавалі другімі сьледам за «Чэлсі» і прабіліся ў плэй-оф — трэці раз у сваёй гісторыі.

Праўда, жэрабя не было паблажлівым і падкінула беларусам яшчэ адзін лёнданскі клюб. Успаміны пра папярэднія сустрэчы ня самыя прыемныя: пазалетась БАТЭ разгромна саступіў «Арсэналу» ў Лёндане — 0:6, а дома — 2:4. У свой час за ангельцаў выступаў Аляксандар Глеб: цяпер 37-гадовы вэтэран разьлічвае выйсьці на поле супраць былых аднаклюбнікаў.

Першымі ўладальнікамі квіткоў на матч сталі трымальнікі клюбных картаў сэзону-2019. Астатнія яшчэ могуць трапіць на стадыён, калі не пашкадуюць 110 рублёў — на сэктары вышэйшай катэгорыі, 90 рублёў — на трыбуны першай катэгорыі, 70 рублёў — другой, 50 рублёў — трэцяй.

Гульня ў адказ пройдзе 21 лютага на лёнданскай арэне «Эмірэйтс».

Раўбічы, эўрапейскае першынство па біятлёне

Архіўнае фота. Падчас спаборніцтваў па біятлёне ў Раўбічах, люты 2018 году
Архіўнае фота. Падчас спаборніцтваў па біятлёне ў Раўбічах, люты 2018 году

​Для аматараў зімовых відаў спорту сьвята будзе ў Раўбічах пад Менскам. Тут у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі ад 18 да 24 лютага будзе праходзіць чэмпіянат Эўропы па біятлёне.

Кантынэнтальныя спаборніцтвы адбываюцца штогод пачынаючы ад 1994 году. Яны складаюцца з выступаў у спрынце, гонцы перасьледу і індывідуальных гонках у мужчын, жанчын, юніёраў і юніёрак, а таксама мужчынскіх і жаночых эстафэтаў, зьмяшаных эстафэтаў у юніёраў і юніёрак. Агулам будзе разыграна 15 камплектаў узнагародаў.

Чэмпіянат Эўропы не адносіцца да самых прэстыжных стартаў, звычайна тут аб’ежджваецца моладзь. Але пасьля таго, як зь вялікім спортам разьвіталіся алімпійскія чэмпіёнкі Дар’я Домрачава і Надзея Скардзіна, беларуская прысутнасьць у эліце біятлёну скарацілася — а для іншых гэты чэмпіянат стане магчымасьцю заваяваць мэдалі. 18 лютага ў Раўбічах пройдзе «Гонка легендаў», падчас якой заплянаваныя ўрачыстыя праводзіны Домрачавай і Скардзіны.

Адзіны абанэмэнт на спаборніцтвы каштуе 70 рублёў, «Гонка легендаў» аплачваецца асобна — 30 рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG