Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 тысячы студэнтаў выселяць са студэнцкай вёскі на час Эўрапейскіх гульняў


Студэнцкі гарадок у Менску, архіўнае фота

На час правядзеньня Эўрапейскіх гульняў у студэнцкай вёсцы ў Менску разьмесьцяць спартоўцаў і пэрсанал абслугі.

З-за II Эўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Менску 21-30 чэрвеня 2019 году, будзе пераселена каля 4 тысяч іншагародніх студэнтаў, паведаміў прадстаўнік Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык, якога цытуе БелаПАН.

Паводле яго слоў, са студэнцкай вёскі ў іншыя інтэрнаты, у тым ліку калідорнага тыпу, да 1 лютага будуць пераселеныя студэнты пяці ВНУ, уключаючы Белдзяржунівэрсытэт, Беларускі дзяржаўны пэдагагічны унівэрсытэт і Беларускі дзяржаўны мэдыцынскі унівэрсытэт.

Частка студэнтаў будзе праходзіць практыку па месцы жыхарства, частку перавядуць на дыстанцыйнае навучаньне і па месцы рэгістрацыі; магістрантаў і асьпірантаў, якія пражываюць у вёсцы, перавядуць на індывідуальны графік.

«Студэнты ў большасьці сваёй разумеюць значнасьць Эўрапейскіх гульняў для краіны», — заявіў Тамільчык, падкрэсьліўшы, што гэта — перасяленьне «часовыя цяжкасьці».

Ён адзначыў, што студэнты ведалі пра перасяленьне за паўгода.

ІІ Эўрапейскія гульні заплянаваныя на чэрвень. Змагацца за 200 камплектаў узнагарод будуць 4 тысячы спартоўцаў з 50 краінаў, аднак наймацнейшых атлетаў чакаць ня варта — спаборніцтвы ня лічацца ані прэстыжнымі, ані высокарэйтынгавымі.

На Эўрапейскія гульні ў Менск чакаюць 30 тысяч замежных турыстаў. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету ў хакеі ў Менск прыехалі 80 тысяч іншаземцаў.

Грошы на Эўрапейскія гульні закладзены ў бюджэт Беларусі на 2019 год — больш за 70 мільёнаў даляраў. Да таго ж на падрыхтоўку з прэзыдэнцкага фонду ўжо выдаткавалі 77 мільёнаў рублёў. Толькі цырымоніі адкрыцьця і закрыцьця Эўрагульняў будуць каштаваць 12 мільёнаў даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG