Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны сэктар Беларусі атрымае амаль 5 мільёнаў эўра ад Эўразьвязу і Сусьветнага банку 


Сьцягі Эўразьвязу

Прадстаўніцтва Эўразьвязу і група Сусьветнага банку прэзэнтавалі ў Менску сумесныя праекты падтрымкі прыватнага сэктару.

Гаворка аб праграме тэхнічнай дапамогі ў памеры 4,8 мільёна эўра, якая рэалізуецца Міжнароднай фінансавай карпарацыяй.

Павялічыць канкурэнтаздольнасьць прыватніка

«Мы намагаемся прынесьці канкрэтную карысьць беларускім прадпрыемствам праз рэалізацыю ініцыятыў на падвышэньне канкурэнтаздольнасьці сэктару шляхам нарошчваньня патэнцыялу розных устаноў, уключна зь Беларускім фондам фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, Нацыянальным агенцтвам інвэстыцый і прыватызацыі, Цэнтрам дзяржаўна-прыватнага партнэрства», — цытуе Tut.by кіраўніцу прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын.

Сусьветны банк будзе дапамагаць кансультацыямі ў такіх сфэрах, як разьвіцьцё малога і сярэдняга бізнэсу, прыцягненьне і ўтрыманьне інвэстыцый, падрыхтоўка сыстэмы беспапяровага гандлю.

«Сярод іншага, Сусьветны банк будзе кансультаваць у пытаньнях прыцягненьня прыватных інвэстыцый для фінансаваньня грамадзкай інфраструктуры і паслуг, абапіраючыся на перадавыя міжнародныя практыкі», — адзначыў кіраўнік прадстаўніцтва Сусьветнага банку ў Беларусі Алекс Крэмэр.

Ён зьвярнуў увагу на існуючую няроўнасьць у дачыненьнях прыватнага і дзяржаўнага сэктару ў Беларусі.

«75% у руках беларускіх уладаў, гэта палітычнае рашэньне. Толькі астатнія 25% — тое, дзе Сусьветны банк і Эўразьвяз могуць дапамагчы», — падкрэсьліў Алекс Крэмер.

Зрабіць бізнэс драйвэрам эканомікі

Намесьнік міністра эканомікі Дзьмітры Ярашэвіч паведаміў, што цягам 2017–2018 гадоў падпісалі тры сумесныя праекты на агульную суму 25 мільёнаў эўра. І запэўніў, што беларускія ўлады разглядаюць прыватны сэктар як адзін з магутных драйвэраў росту эканомікі.

Міжнародная фінансавая карпарацыя (МФК) ужо пачала выкананьне новай праграмы кансультацыйнай дапамогі ўраду Беларусі ў справе паляпшэньня дзелавога асяродку. Асноўная задача — экспэртная падтрымка ўраду ў скарачэньні выдаткаў пры вядзеньні бізнэсу празь зьніжэньне дзяржаўнага рэгуляваньня, скарачэньня выдаткаў прыватнага бізнэсу пры сэртыфікацыі тавараў у міжнародным гандлі. Праграму фінансуе Эўразьвяз і швэдзкае агенцтва Sida.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG