Больш за 50 брытанскіх дзеячаў культуры заклікалі перанесьці музычны конкурс «Эўравізія-2019» з Ізраіля ў іншую краіну праз «сыстэматычнае парушэньне правоў палестынцаў».
Адпаведны ліст у адрас тэлекампаніі Бі-бі-сі, якая займаецца праслухоўваньнем канкурсантаў і відэатрансьляцыяй мерапрыемства ў Вялікабрытаніі, публікуе газэта The Guardian.
Нягледзячы на тое, што месцам правядзеньня мерапрыемства абраны Тэль-Авіў, а не Ерусалім, гэта не абараняе палестынцаў ад высяленьня, расстрэлаў і зьбіваньняў з боку ізраільскіх спэцслужбаў, адзначаюць аўтары ліста.
Сярод тых, хто падпісаў зварот да Бі-бі-сі — мадэльер Віўен Уэствуд, музыканты Нік Сэймур, Роджэр Уотэрз і Пітэр Габрыэль, актрыса Мірыям Маргуліс.
Бі-бі-сі ў адказ заявіла пра недарэчнасьць выкарыстаньня тэлеканала для вырашэньня палітычных пытаньняў.
Штогадовы конкурс «Эўравізія-2019» адбудзецца ў траўні ў Тэль-Авіве, пасьля перамогі ў конкурсе ў 2018 годзе ізраільскай сьпявачкі Нэты. Згодна з правіламі, месцам правядзеньня конкурсу зьяўляецца сталіца краіны, чый прадстаўнік выйграў конкурс у папярэднім годзе.