Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў загадаў з 29 студзеня пачаць праверку беларускага войска.
З запасу выклічуць 1400 чалавек, паведамляе Міністэрства абароны.
Правяраць будуць баявую і комплексную гатоўнасьць частак, якія падпарадкоўваюцца першаму намесьніку міністра абароны Беларусі Алегу Белаконеву.
Да праверкі прыцягнуць органы ваеннага кіраваньня апэратыўнага і тактычнага ўзроўняў, мэханізаваныя і танкавыя часткі, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый, тэхнічнага і тылавога забесьпячэньня.
Таксама для праверкі войска плянуецца атрымаць 20 адзінак тэхнікі ад дзяржаўных органаў і арганізацыяў.
Дзеяньні ўмоўнага праціўніка будуць імітаваць падразьдзяленьні сілаў спэцыяльных апэрацыяў.
Са спасылкай на суразмоўцаў-рэзэрвістаў Tut.by паведамляе, што іх ужо пачалі выклікаць у ваенкаматы.