Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская апазыцыя паскардзілася ў Брусэлі на «драконаўскія» сумы аплат за арганізацыю масавых акцый


Ілюстрацыйнае фота. Міліцыя суправаджае ўдзельнікаў шэсьця і мітынгу на «Дзяды» ў Менску, 2018 год

Дэлегацыя беларускіх апазыцыйных палітыкаў удзельнічае ў форуме «Эўранэсту» ў Брусэлі.

Як паведаміў Свабодзе адзін зь лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, беларускія апазыцыянэры пашырылі тэзы сваіх выступаў у сувязі з новым парадкам аплаты за «паслугі» міліцыі, мэдыкаў і ЖКГ, якая кладзецца пастановай ураду Беларусі на заяўнікаў масавых акцый.

«Да будучага суду над галоўнай рэдактаркай парталу tut.by Марынай Золатавай, да новых атак на хрысьціянскія царквы, да іншых прыкладаў парушэньня правоў чалавека дадалася драконаўская пастанова ўраду аб грашовых выдатках на масавыя акцыі. Мы будзем тлумачыць нашым партнэрам, што новыя ўмовы правядзеньня пікетаў і мітынгаў робяць іх фактычна немагчымымі», — сказаў Віталь Рымашэўскі.

У Брусэлі разам з Рымашэўскім знаходзяцца Ірына Вештард, Юрась Губарэвіч, Сяргей Калякін, Ганна Канапацкая, Анатоль Лябедзька, Андрэй Дзьмітрыеў.

Паводле Рымашэўскага, беларускія правацэнтрысты (прадстаўнікі АГП, БХД, руху «За свабоду») правядуць таксама сустрэчы з прадстаўнікамі Эўрапейскай народнай партыі, якая мае найбуйнейшую фракцыю ў Эўрапарлямэнце, і чыноўнікамі Эўракамісіі, якія займаюцца краінамі «Ўсходняга партнэрства».

Што такое «Эўранэст»

«Эўранэст» — гэта парлямэнцкая пляцоўка, створаная ў рамках праграмы «Ўсходняе партнэрства». Яна садзейнічае палітычнай асацыяцыі і паглыбленьню эканамічнай інтэграцыі паміж Эўрапейскім Зьвязам і краінамі «Ўсходняга партнэрства».

Першае пасяджэньне «Эўранэсту» прайшло 2 траўня 2011 году ў Брусэлі. У ім удзельнічалі парлямэнтары пяці краін «Усходняга партнэрства» (Азэрбайджан, Армэнія, Грузія, Малдова, Украіна).

Афіцыйная беларуская дэлегацыя ў працы «Эўранэсту» ня ўдзельнічае таму, што тут працуюць беларускія апазыцыянэры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG