Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забраць батарэйкі з Афрыкі, зрабіць тры выходныя на тыдзень, павысіць падатак багатым. Пяць думак з Давосу 2019


Кангрэсавы цэнтар у Давосе, дзе праходзяць сустрэчы Сусьветнага эканамічнага форуму
Кангрэсавы цэнтар у Давосе, дзе праходзяць сустрэчы Сусьветнага эканамічнага форуму

Чаму трэба змагацца з глябальным пацяпленьнем, што рабіць з электроннымі адкідамі, як павысіць эфэктыўнасьць чалавечай працы? Гэтыя пытаньні, сярод мноства іншых, абмяркоўвалі палітыкі і экспэрты на Сусьветным эканамічным форуме ў швайцарскім Давосе на мінулым тыдні.

Прапануем вам пазнаёміцца зь пяцьцю паведамленьнямі, меркаваньнямі і прапановамі адносна глябальнага жыцьця, якія прагучалі сёлета ў Давосе.

1. Афрыка прыдушаная электроннымі адкідамі

Штогод сьвет выдаляе 45 мільёнаў тон электронных адкідаў (скарыстаных электронных і электрычных прыладаў і іх частак), то бок больш, чым важаць усе пабудаваныя да сёньняшняга дня камэрцыйныя рэактыўныя авіялайнэры. Або інакш, вага гэтых адкідаў большая, чым вага 4,5 тысяч Эйфэлевых вежаў. Местам звалкі такога тыпу адкідаў, якія вельмі небясьпечныя для здароўя і якія вельмі цяжка ўтылізаваць, стала Афрыка. Дзесяць кампаній паабяцалі на форуме ў Давосе забраць свае адкіды з Афрыкі назад. Пакуль невядома, куды яны павязуць гэтыя адкіды і як будуць іх перапрацоўваць.

2. Сусьветная эканоміка будзе расьці за кошт разьвіваных краінаў

Паводле прагнозу, агучанага ў Давосе, сусьветная эканоміка ў 2019 годзе павялічыцца на 3,5%, а ў 2020 — на 3,6%. Гэтае павышэньне адбудзецца за кошт эканамічнага росту ў разьвіваных эканоміках (developing economies) і на фармаваных рынках (emerging markets). У краінах з высока разьвітай эканомікай (advanced economies) будзе назірацца эканамічнае запавольваньне — тэмпы росту чакаюцца 2,3% (2018), 2,0% (2019), 1,7% (2020).

Завод па вытворчасьці грузавікоў у Індыі
Завод па вытворчасьці грузавікоў у Індыі

3. Час перайсьці на чатырохдзённы працоўны тыдзень

Гэтую ідэю агучылі ў Давосе амэрыканскі псыхоляг Адам Грант і нідэрляндзкі эканаміст і гісторык Рутгер Брэгман. Абапіраючыся на акадэмічныя дасьледаваньні, Грант пераконваў: «Я думаю, што ў нас ёсьць добрыя экспэрымэнты, якія паказваюць, што калі скараціць колькасьць працоўных гадзін, людзі ў змозе больш эфэктыўна засяроджвацца і ў канчатковым выніку вырабляць столькі ж [колькі падчас даўжэйшага працоўнага тыдня], і часта больш якасна і крэатыўна».

4. Міграцыя з Афрыкі будзе ўзрастаць у найбліжэйшыя 30 гадоў

Больш за палову прыросту глябальнага насельніцтва ў пэрыяд да 2050 году адбудзецца ў Афрыцы, ствараючы мноства эканамічных, сацыяльных і экалягічных праблемаў ды пабольшваючы і без таго крызісную сытуацыю з прытокам нелегальных мігрантаў з афрыканскіх краінаў у Эўропу.

5. Калі б звышбагатым павысіць падаткі «на камарыны ўкус»…

Паводле ацэнак міжнароднай асацыяцыі Oxfam, агучаных на форуме ў Давосе, павелічэньне ўсяго на 0,5% падатку для 1% самых багатых падаткаплатнікаў можа даць сродкі на адукацыю ўсіх дзяцей на сьвеце, якія цяпер ня ходзяць у школу, і забясьпечыць такую ахову здароўя, якая магла б выратаваць жыцьці 3,3 мільёна людзей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG