Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына выдзеліла 12 мільёнаў эўра ахвярам блякады Ленінграду


Падчас блякады Ленінграду. Архіўнае фота зь Дзяржаўнага мэмарыяльнага музэя абароны Ленінграду і блякады
Падчас блякады Ленінграду. Архіўнае фота зь Дзяржаўнага мэмарыяльнага музэя абароны Ленінграду і блякады

На выдзеленыя сродкі ў Пецярбургу будзе мадэрнізаваная бальніца для вэтэранаў, паведамляе Deutsche Welle. ФРГ і Расея ўпэўненыя, што дадзеная акцыя палепшыць якасьць жыцьця былых блякаднікаў, гаворыцца ў заяве кіраўнікоў МЗС дзьвюх краінаў.

З нагоды 75-годзьдзя з дня поўнага зьняцьця блякады Ленінграду, кіраўнікі МЗС Расеі і Нямеччыны Сяргей Лаўроў і Гайка Маас віталі гуманітарны жэст Нямеччыны ў дачыненьні да ўсё яшчэ жывых блякаднікаў.

МЗС ФРГ 27 студзеня паведаміла, што Нямеччына вылучае 12 млн эўра на мадэрнізацыю бальніцы для вэтэранаў вайны, стварэньне нямецка-расейскага цэнтру сустрэч для расейскай і нямецкай грамадзкасьці, а таксама для людзей, якія перажылі блякаду Ленінграду.

«Мы ўпэўненыя, што гэтая добраахвотная акцыя палепшыць якасьць жыцьця ахвяраў блякады, якія яшчэ жывыя, і паслужыць гістарычнаму прымірэньню паміж народамі дзьвюх краінаў як аснове нашых двухбаковых адносінаў у будучыні», — гаворыцца ў сумеснай заяве кіраўнікоў МЗС Нямеччыны і Расеі.

У дакумэнце падкрэсьліваецца, што добраахвотнае рашэньне ўраду Нямеччыны аб выдзяленьні дапамогі блякаднікам заснаванае «на прызнаньні адказнасьці за ўчыненае ад нямецкага імя беззаконьне».

Як падкрэсьліў кіраўнік нямецкага МЗС Гайка Маас, гэты жэст зьяўляецца таксама сыгналам аб тым, што падобнае ніколі не павінна паўтарыцца.

Блякада Ленінграду, якая пачалася 8 верасьня 1941 году, доўжылася амаль 900 дзён. Адзіны шлях, «Дарога жыцьця», па якім у горад дастаўлялася прадукты харчаваньня, быў пракладзены па лёдзе Ладаскага возера.

Блякада была прарваная 18 студзеня 1943 году, а цалкам зьнятая 27 студзеня 1944 году.

За гэты час загінулі, па розных зьвестках, ад 400 тысяч да 1,5 мільёна чалавек. На Нюрнбэрскім працэсе называлася колькасьць у 632 тысячы чалавек. Толькі 3 адсоткі зь іх загінулі ад бамбёжак і артабстрэлаў, астатнія памерлі з голаду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG