Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выратуе дэпалітызацыя і дыялёг з уладамі грамадзянскую супольнасьць Беларусі?


Аксана Шэлест прэзэнтуе вынікі дасьледаваньня стану грамадзянскай супольнасьці
Аксана Шэлест прэзэнтуе вынікі дасьледаваньня стану грамадзянскай супольнасьці

Аналітык з Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Аксана Шэлест тлумачыць, «што можа разьвіць і забіць» грамадзянскую супольнасьць Беларусі.

Аксана Шэлест і экспэрты нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці ладзяць па ўсёй Беларусі інфармацыйныя дні аб праграме «Ўсходняе партнэрства» Эўрапейскага Зьвязу. Яны прадстаўляюць сваё бачаньне разьвіцьця «трэцяга сэктару», сытуацыю з правамі чалавека, рэалізацыю праграмаў, якія фінансуюцца Эўразьвязам і рэалізуюцца грамадзкімі аб’яднаньнямі супольна з уладаю.

«Між грамадзянскай супольнасьцю і ўладаю няма партнэрства, але ёсьць камунікацыя», — адзначыла на сустрэчы ў Магілёве 23 студзеня каардынатарка праграмы Сьвятлана Каралёва. Паводле яе, такая сытуацыя — прагрэс у параўнаньні з папярэднімі гадамі, калі грамадзкія арганізацыі называлі «пятай калёнай» і ліквідоўвалі.

Аксана Шэлест прэзэнтавала на сустрэчы вынікі дасьледаваньня грамадзянскай супольнасьці апошніх трох гадоў. Асаблівасьцямі яе разьвіцьця экспэртка падзялілася са Свабодай.

Тэзісна пра беларускую грамадзянскую супольнасьць

  • Трэці сэктар нешматлікі па колькасьці людзей і арганізацый.
  • Стаўленьне ўлады да грамадзянскай супольнасьці прынцыпова не мяняецца і застаецца неспрыяльным для разьвіцьця грамадзкай ініцыятывы.
  • У асяродзьдзі грамадзкіх аб’яднаньняў апошнія гады назіраецца трэнд на дэпалітызацыю дзейнасьці.
  • Большасьць беларусаў дрэнна разумее, што такое грамадзянская супольнасьць і грамадзкія арганізацыі.
  • Апошнія гады назіраецца імклівае разьвіцьцё сфэраў, зьвязаных з культурай, мэдыя, урбаністыкай, новымі падыходамі ў адукацыі.
  • Расейская палітыка стварае выклікі для грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Што такое грамадзянская супольнасьць і чаму яна важная

«Грамадзянская супольнасьць — гэта ініцыятывы і аб’яднаньні людзей, створаных для рэалізацыі іх інтарэсаў і правоў, якія існуюць па-за межамі дзяржаўных структур, прыватнага жыцьця, камэрцыйнай ды эканамічнай дзейнасьці», — тлумачыць Аксана Шэлест.

Аксана Шэлест
Аксана Шэлест

Паводле яе, паколькі ў Беларусі адсутнічае палітычнае поле, а палітычныя партыі пазбаўленыя магчымасьці прадстаўляць інтарэсы грамадзян, то «ўся актыўнасьць, функцыі назіраньня, забесьпячэньня балянсу інтарэсаў, кантролю за тым, што робяць дзяржструктуры, сканцэнтравана ў асяродку грамадзянскай супольнасьці», — тлумачыць экспэрт.

У заходніх краінах арганізацыі грамадзянскай супольнасьці забясьпечваюць дынамічнае разьвіцьцё грамадзтва, адзначае яна. У іх асяродзьдзі нараджаюцца і апрабуюцца новыя ідэі ды падыходы, якія закранаюць разнастайныя сфэры: культуру, сацыяльную палітыку, экалёгію, укараненьне тэхналёгіяў.

Якая ў Беларусі грамадзянская супольнасьць і што перашкаджае ёй разьвівацца

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі ў 2017 годзе было 2856 грамадзкіх арганізацыяў. На 100 тысяч чалавек прыпадае 32 зарэгістраваныя аб’яднаньні. Экспэрт кажа, што «гэта меней, чым у Азэрбайджане». Яна адзначае, што афіцыйная статыстыка ня ўлічвае незарэгістраваных суполак, а таксама тых, якія маюць рэгістрацыю не ў Беларусі. Зьвесткі не адрозьніваюць сапраўдныя арганізацыі грамадзянскай супольнасьці і структуры, якія залежаць ад дзяржавы і зьвязаныя з ёй.

Аксана Шэлест кажа, што «ўлада робіць усё, каб разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці ня выйшла за рамкі, дзе яно будзе некантраляваным».

Каардынатарка праграмы «Ўсходняе партнэрства» Эўразьвязу ў Беларусі Сьвятлана Каралёва
Каардынатарка праграмы «Ўсходняе партнэрства» Эўразьвязу ў Беларусі Сьвятлана Каралёва

«Для арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці выстаўлены шэраг перашкод, каб яны не маглі займацца легальна сваёй дзейнасьцю. Практыка выкарыстаньня заканадаўства не спрыяе разьвіцьцю грамадзянскай ініцыятывы. Незалежныя грамадзкія аб’яднаньні ня могуць здабыць рэсурсы для ажыцьцяўленьня сваіх мэтаў, што ўскладняе іх існаваньне і пашырэньне», — тлумачыць яна.

Стаўленьне дзяржавы да грамадзянскай супольнасьці

У цяперашнім стаўленьні ўлады да грамадзкіх аб’яднаньняў дамінуюць прагматычныя падыходы, даводзіць экспэрт.

Дзяржава намагаецца скарыстацца зь іх рэсурсаў для імітацыі працэсаў грамадзкага дыялёгу, якога патрабуюць адносіны з Эўразьвязам, а таксама для вырашэньня сацыяльных праблемаў, зь якімі ўладныя структуры ня могуць справіцца празь недахоп рэсурсаў, спэцыялістаў, навыкаў.

Экспэрты нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці апавядаюць аб праграме «Ўсходняе партнэрства» Эўразьвязу
Экспэрты нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці апавядаюць аб праграме «Ўсходняе партнэрства» Эўразьвязу

«Дапусьціць жа грамадзянскую супольнасьць да выканьня больш уплывовых функцыяў, напрыклад удзельнічаць у прыняцьці рашэньняў, кантраляваць іх выкананьне, улада не зьбіраецца», — канстатуе экспэртка.

Паводле яе, улада робіць тактычныя саступкі, што дазваляе арганізацыям грамадзянскай супольнасьці скарыстацца іх вынікамі. «Ня трэба пры гэтым мець ілюзіі наконт устойлівасьці і доўгатэрміновасьці такіх падыходаў», — засьцерагае суразмоўца.

Стаўленьне грамадзянскай супольнасьці да супрацы з уладай

Аксана Шэлест кажа, што цяпер у асяродзьдзі грамадзкіх арганізацыяў назіраецца трэнд на дэпалітызацыю. Паводле яе, такая рыторыка апраўдваецца неабходнасьцю скарыстацца з магчымасьці дыялёгу з уладамі.

У апошнія гады дэпалітызацыю «пачалі дэкляраваць нават у тых сфэрах, якія ня могуць быць дэпалітызаванымі ў прынцыпе, напрыклад у праваабарончым сэктары. Тое ж тычыцца і разьвіцьця самога «трэцяга сэктару», паколькі гэта палітычнае пытаньне і працэс.

На думку суразмоўцы, імкненьне трымацца далей ад палітычнага парадку дня і тэматыкі ёсьць «самападманам».

Аксана Шэлест. За ёй слайд, якім ілюструецца, як беларускае грамадзтва ставіцца да пытаньня незалежнасьці Беларусі
Аксана Шэлест. За ёй слайд, якім ілюструецца, як беларускае грамадзтва ставіцца да пытаньня незалежнасьці Беларусі

«Калі лідэры і актыў арганізацыяў не забываюцца пра свае мэты, то рана ці позна яны трапляюць у сфэру палітыкі, бо гэта пытаньне зьмены каштоўнасьцяў, сыстэмы адносінаў у краіне, іх культуры», — выказвае сваю думку аб праблеме Аксана Шэлест.

Стаўленьне насельніцтва да грамадзянскай супольнасьці. Паводле экспэрткі, стан грамадзянскай культуры ў грамадзтве невысокі. Беларусы ў большасьці сваёй «дужа дрэнна» разумеюць, што такое грамадзянская супольнасьць і грамадзкія аб’яднаньні, чаго яны дамагаюцца ды чым адрозьніваюцца да іншых структураў.

«Практыка ўдзелу ў грамадзкіх справах, салідарнасьці, супольнага вырашэньня праблемаў дужа ня разьвітыя. 9 з 10 грамадзян ня маюць ніякага досьведу дзейнасьці ў грамадзкіх ініцыятываў — гэта сумна. Зразумела, нямала людзей залічаныя ў БРСМ і ДАСААФ, але гэтыя арганізацыі не ня варта залічваць да суб’ектаў грамадзянскай супольнасьці», — адзначае экспэртка.

Высновы

Аксана Шэлест кажа: калі ўмовы для грамадзянскай супольнасьці ня зьменяцца, то імклівага разьвіцьця трэцяга сэктару чакаць не выпадае. Яна спадзяецца, што ўсясьветныя тэндэнцыі ў інавацыях паўплываюць на зьяўленьне ў Беларусі новых кірункаў і формаў грамадзкай дзейнасьці, якія паўплываюць на разьвіцьцё ўсёй грамадзянскай супольнасьці.

На інфармацыйным дні аб праграме «Ўсходняга партнэрства» Эўрапейскага Зьвязу
На інфармацыйным дні аб праграме «Ўсходняга партнэрства» Эўрапейскага Зьвязу

На думку экспэрта, нестабільнасьць сытуацыі ў рэгіёне праз расейскую палітыку — выклік і для беларускай грамадзянскай супольнасьці. Інфармацыйная вайна з боку Расеі — гэта выклік, які можа «нас забіць ці разьвіць».

«Грамадзянская супольнасьць — гэта ня толькі сацыяльныя паслугі і культурны крэатыў, але і самавызначэньне, нацыянальная годнасьць, уласны голас і сіла. Калі зможам адказваць на такія выклікі, то гэта стане сьведчаньнем нашага разьвіцьця і ўзмацненьня», — кажа Аксана Шэлест.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG