Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусам выжыць бязь візаў «на закупы»?


Будынак польскага консульства ў Горадні
Будынак польскага консульства ў Горадні

Спойлер: кажуць, выжываць не давядзецца.

З 2 студзеня 2019 году Польшча адмяніла папулярныя сярод беларусаў візы «на закупы». Свабода разьбіралася, што ж зьмянілася.

Навошта ехалі?

Віза «на закупы» зьявілася каля васьмі гадоў таму і стала папулярнай у беларусаў, бо давала магчымасьць досыць лёгка трапіць у Эўразьвяз. Як сьведчаць супрацоўнікі горадзенскіх турфірмаў, да 80 адсоткаў замоваў тычыліся гэтага тыпу візаў.

Папраўдзе карысталіся ёю ня толькі для таго, каб набыць танную каву, пральны парашок, адзеньне на зьніжках або бытавую тэхніку зь вяртаньнем «ватаў» (падатку на даданую вартасьць).

Прадпрымальнікі з такой візай прывозілі оптам тавар на беларускія рынкі. «Перакідчыкі» зараблялі грошы, правозячы для некага з Польшчы тавары, якія ня ўпісваліся паводле мытных нормаў на аднаго чалавека або не пасавалі яму з прычыны занадта частых паездак. Кантрабандай туды везьлі цыгарэты і паліва. Нехта ехаў сустрэцца на выходных зь сябрамі і зьесьці польскі кебаб. А некаторыя падарожнічалі зь ёй у іншыя краіны Шэнгенскай зоны.

Чаму выбіралі яе?

Ня трэба было мець іншую мэту, апроч звычайнага шопінгу. У адрозьненьне ад турыстычнай візы, ня трэба было рэзэрваваць гатэль; у адрозьненьне ад працоўнай, не патрэбны былі дакумэнты, датычныя працы ў Польшчы, і запрашэньне польскага боку. Да таго ж віза «на закупы» каштавала таньней за іншыя пры афармленьні ў турфірмах. З ейных асаблівасьцяў — пры паўторным звароце трэба было пацьвердзіць чэкамі папярэднія пакупкі ў Польшчы.

Віза «на закупы» дазваляла езьдзіць у краіны Шэнгенскай зоны з рознымі мэтамі
Віза «на закупы» дазваляла езьдзіць у краіны Шэнгенскай зоны з рознымі мэтамі

Чым яе замяніць?

Цяпер замест візы «на закупы» прапануюць афармляць турыстычную.

Дырэктар горадзенскай агенцыі візавай падтрымкі kolybri.by Віктар Дучак патлумачыў, што гэта проста вымагае падачы шэрагу дадатковых дакумэнтаў:

  • бронь гатэля ў Польшчы на любы тэрмін;
  • пацьверджаньне на сродак перасоўваньня: дакумэнты на аўтамабіль або зваротныя квіткі з Польшчы;
  • копіі ўсіх старонак пашпарта са штампамі ўезду/выезду ў/з Шэнгенскай зоны;
  • пацьверджаньне, што чалавек працуе, і даведка пра даходы за апошнія тры месяцы, для ІП — апошняя дэклярацыя з падатковай;
  • для беспрацоўных — дакумэнты, якія пацьвярджаюць сувязь зь Беларусьсю: пасьведчаньне аб шлюбе, нараджэньні дзяцей, аб сьмерці крэўных.

З адменай візы «на закупы» зьнікла неабходнасьць падаваць у консульства чэкі, якія пацьвярджаюць папярэднія пакупкі ў Польшчы.

«Лепей перачакаць»

Ня ўсе задаволеныя такімі зьменамі. Польскія палітыкі занепакоіліся, што яны нэгатыўна паўплываюць на эканоміку Падляшша. Летась беларусы набылі тавараў у польскіх крамах і на рынках на 618 мільёнаў злотых (164,6 мільёна даляраў).

Беларусы ж хвалююцца, што атрымаць візу цяпер будзе ня так проста, як раней. Сярод тых, у каго скончылася віза «на закупы», апынуўся старшыня рады прадпрымальнікаў Паўднёвага рынку Горадні Андрэй Шасьцерыкоў.

Ён меўся падаваць дакумэнты праз турыстычную фірму ў студзені, але адмовіўся.

«Я чалавек біты ў гэтых пытаньнях. У такіх незразумелых сытуацыях лепей перачакаць. Няхай яно ўсё ўладкуецца, каб былі зразумелыя правілы гульні», — кажа прадпрымальнік.

Шэраг фірмаў дапамагае гарадзенцам афармляць візы
Шэраг фірмаў дапамагае гарадзенцам афармляць візы

Шасьцерыкоў мяркуе, што нават у турфірмах пакуль не разумеюць, як лепш дзейнічаць у новай сытуацыі. Ён хвалюецца, што наступную візу яму могуць выдаць толькі на кароткі тэрмін або аднаразовую.

«У турфірме мне сказалі, што ўсё будзе залежаць ад рашэньня консула. Калі я рэзэрвую гатэль на тры дні, натуральна, што я магу атрымаць візу толькі на тры дні. Імавернасьць таго, што ты патраціш грошы і не атрымаеш тое, за што заплаціў, высокая», — турбуецца ён.

Па ягоных падліках, на новую візу трэба аддаць каля 75 эўра з усімі выдаткамі. Да таго ж змарнаваць больш часу на збор дакумэнтаў, чым раней.

Прадпрымальнік прыгадвае, як пяць гадоў таму для атрыманьня візы патрэбна была даведка з падатковай, якую можна было чакаць цягам месяца. А адмоваў з консульства тады было шмат.

Адмена візаў «на закупы» можа адбіцца на прадпрымальніках
Адмена візаў «на закупы» можа адбіцца на прадпрымальніках

Пераарыентавацца на Расею будзе складана

Шасьцерыкоў працуе прадпрымальнікам ужо амаль 20 гадоў. Ён мяркуе, што зьмены ў візавым заканадаўстве паўплываюць на працу іншых ІП, якія возяць тавар з Польшчы. Пакуль працягваюць дзейнічаць старыя візы, таму многія адчуюць зьмены пазьней — праз год-два.

На думку Шасьцерыкова, прадпрымальнікам, магчыма, давядзецца пераарыентавацца на Расею, але такі пераход будзе вельмі цяжкім.

Пачаць вазіць тавар з Расеі замест Польшчы «іпэшнікам» будзе складана
Пачаць вазіць тавар з Расеі замест Польшчы «іпэшнікам» будзе складана

«Гэта бізнэс, які будуецца гадамі. Гэта ня проста ты паехаў, закупіўся і, нікога ня ведаючы, зьехаў. Там наладжаныя партнэрскія кантакты з гандлярамі. Сазвоньваюцца, дамаўляюцца, якія тавары, колеры, памеры. Узаемны давер з абодвух бакоў», — разважае прадпрымальнік.

Паводле яго, немагчыма адказаць, адкуль вазіць тавар больш выгадна: польскі больш якасны і даражэйшы, а расейскі таньнейшы, яго хутчэй разьбіраюць у Беларусі.

Бронь гатэля і зваротныя квіткі — умоўнасьць

У турыстычных фірмах кажуць, што ў зьменах нічога страшнага няма — проста пабольшала бюракратыі.

Віктар Дучак патлумачыў асаблівасьці рэгістрацыі.

Бронь гатэля ён называе ўмоўнасьцю. Звычайна гатэль рэзэрвуюць, раздрукоўваюць пацьверджаньне і адразу ж здымаюць бронь. Пакуль польскіх гатэляў, якія дазваляюць зрабіць гэта бясплатна, дастаткова шмат. Магчыма, празь нейкі час, калі ўласьнікі гатэляў убачаць тэндэнцыю з боку беларусаў рэзэрваваць і адразу адмаўляцца, увядуць плату за бронь.

Аднак, на думку гарадзенца Сяргея, які раней займаўся афармленьнем візаў, і гэта ня стане перашкодай. Некаторыя польскія гатэлі могуць наладзіць нелегальны бізнэс і выдаваць беларусам фальшывыя пацьверджаньні аплаты.

У месцах падачы візаў шмат спадарожных бізнэсаў
У месцах падачы візаў шмат спадарожных бізнэсаў

Тое самае датычыць і зваротных квіткоў, якія можна здаць, страціўшы невялікую суму. Цікава, што правілы дазваляюць паказаць квіткі на самалёт, хоць наўрад ці хто з Горадні паляціць у Беласток. Да таго ж дастаткова знайсьці знаёмага ўласьніка машыны, які ўжо мае візу, і сказаць, што паедзеш за мяжу з гэтым чалавекам. Потым ніхто ня будзе правяраць, як ты паедзеш насамрэч.

Віктар Дучак сьцьвярджае, што і дэклярацыю з падатковай зрабіць няцяжка. Цяпер яе ня трэба завяраць у інспэктара падатковай, дастаткова электроннага подпісу.

Што датычыць даведкі аб даходах, то яе цяпер трэба падаваць амаль для ўсіх відаў візаў, а ня толькі для турыстычнай.

Па словах Дучака, на падставе папярэдняй практыкі можна прыкладна ацаніць свае шансы на новую візу. Калі дагэтуль у чалавека была турыстычная віза на два гады, то і наступную ён можа атрымаць на 2-3 гады. Калі папярэдняя была на год, то і наступная можа быць на год. Важны момант — ці чалавек езьдзіў з ранейшай візай згодна з мэтай. Калі не, то ў новай візе яму могуць адмовіць або скараціць ейны тэрмін.

Ён адзначыў, што нешта пэрыядычна зьмяняецца ў візавай палітыцы Польшчы і ў шэнгенскім кодэксе, цяперашняя сытуацыя — адна зь іх.

Віза «на закупы» ад пачатку была дзіўнай

Прадстаўнік іншай горадзенскай турфірмы Віктар расказаў, што першыя два тыдні году людзі чакалі і не ішлі падаваць дакумэнты. Аднак урэшце адважыліся. Першыя кліенты сёлета ўжо атрымалі турыстычныя візы. Людзям, якія перад гэтым мелі двухгадовую візу «на закупы», далі двухгадовыя турыстычныя візы. Гатэль яны рэзэрвавалі толькі на тры дні.

На ягоную думку, у візах зьмянілася толькі назва, ды яшчэ павялічылася колькасьць папераў.

Візавы цэнтар адкрыўся ў Горадні тры гады таму. Ён дапамагае атрымаць візу паводле прынцыпу «аднаго акна»
Візавы цэнтар адкрыўся ў Горадні тры гады таму. Ён дапамагае атрымаць візу паводле прынцыпу «аднаго акна»

Віктар кажа, што многія ягоныя кліенты ўспрынялі навіну з палёгкай, бо за мінулы год ня мелі пакупак «на ваты», а значыць маглі разьлічваць толькі на аднаразовую наступную візу паводле старых правілаў. Цяпер ім могуць даць шматразовую на два-тры гады.

«Страху няма. Няма ніякіх цяжкасьцяў. Я зусім не разумею гэтага: „Вой, ратуйце, што нарабілася!“», — кажа ён.

У шоп-турах кліентаў меней ня стала

Некалькі турыстычных фірмаў Горадні, якія ладзяць паездкі ў Беласток на шопінг, расказалі, што ў іх з новага году няма зьменаў. Яны не мянялі расклад рэйсаў, захавалі назву паездкі «шоп-тур». Колькасьць пасажыраў у студзені таксама ня зьменшылася.

«Адзінае, спачатку было шмат пытаньняў, ці дзейнічаюць старыя візы „на закупы“. Дзейнічаюць. Мне здаецца, што адмена візаў „на закупы“ на колькасьць зваротаў да нас не паўплывае. Цяпер вельмі шмат картаў паляка, да нас шмат зьвяртаюцца зь імі», — адзначыла супрацоўніца фірмы «Экспрэс-Люкс».

Каля 100 тысяч беларусаў маюць карты паляка. Пра гэта ўлетку 2017 году паведаміў Свабодзе пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG