Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры раёны Менску застаюцца без кіраўнікоў


Менскі гарвыканкам

У Менску застаюцца без кіраўнікоў чатыры раёны — Заводзкі, Кастрычніцкі, Партызанскі і Фрунзенскі.

Кіраўнікі адміністрацый Заводзкага і Фрунзенскага раёнаў Аляксандар Дараховіч і Арцём Цуран прызначаныя намесьнікамі старшыні Менгарвыканкаму. Адміністрацыі гэтых раёнаў застаюцца «абезгалоўленымі» з 15 студзеня — 9 дзён.

Адміністрацыі Кастрычніцкага і Партызанскага раёнаў ня маюць кіраўнікоў ужо пяць дзён. Іх старшыні Анатоль Жукоўскі і Дзяніс Аўсянікаў звольненыя, як паведамілі карэспандэнту Свабоды ў прэс-службе Менгарвыканкаму, «па згодзе бакоў».

«Звальненьне было нечаканым»

Анатоль Жукоўскі быў прызначаны кіраўніком раёну ў 2009 годзе. Раней быў першым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёну.

«Я думаю, у нас там усё спакойна, без усялякіх наступстваў, — сказаў карэспандэнту Свабоды адзін з намесьнікаў кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну. — Гэта быў добры кіраўнік, адпрацаваў дзевяць гадоў. Я думаю, чалавек адпачывае, усё добра».

Дзяніс Аўсянікаў быў прызначаны кіраваць Партызанскім раёнам у 2014 годзе, раней быў намесьнікам кіраўніка адміністрацыі. Чыноўнік запомніўся тым, што анансаваў знос 62 дамоў у Трактаразаводзкім пасёлку.

У адміністрацыі кажуць, што яго звальненьне «было нечаканым, ня толькі для нас».

У Сьледчым камітэце паведамілі, што не валодаюць інфармацыяй адносна магчымага пачатку нейкіх спраў супраць гэтых двух былых кіраўнікоў.

Старшыня КДБ Валеры Вакульчык 20 сьнежня мінулага году сказаў, што адзін зь дзейных кіраўнікоў раённай адміністрацыі Менску, па сумяшчальніцтве — кіраўнік тэрытарыяльнай антыкарупцыйнай камісіі, штотыдзень у чацьвер задарма атрымліваў прадуктовыя наборы з пэўнай сеткі крамаў.

Імя гэтага кіраўніка Вакульчык не назваў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG