Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фёдар Клімчук, шчасьлівы чалавек, які пераклаў Біблію на мову сваёй вёскі


Фёдар Клімчук, 2017 год

Цалкам або часткова Біблія перакладзеная на паўтары тысячы моваў і дыялектаў сьвету. Сярод іх — мова вёскі Сіманавічы Дарагічынскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Пераклад зрабіў ураджэнец вёскі Фёдар Данілавіч Клімчук (1935–2018).

23 студзеня ў Галерэі TUT.by у Менску прайшла прэзэнтацыя «Палескай Бібліі» — Новага Запавету ў перакладзе на гаворку вёскі Сіманавічы Дарагічынскага раёну, які зрабіў мовазнаўца Фёдар Клімчук.

Фёдар Данілавіч не дажыў да гэтай падзеі ўсяго некалькі месяцаў. Але ён меў пры жыцьці выдадзеную кнігу Новага Запавету ў сваім перакладзе на гаворку роднай вёскі — плён ягонай перакладніцкай працы выйшаў з друку ў 2010 годзе ў выдавецтве «Мэджык».

Грошы на новае выданьне былі сабраныя на краўдфандынгавай плятформе ulej.by. Збор сродкаў і выданьне арганізаваў Сяргей Доўгушаў са «Сьпеўнага сходу» ў рамках праекту «Tradycyja». Продаж кніг мае пачацца ў менскай «Акадэмкнізе», замовы на іх прыйшлі з розных гарадоў Беларусі, а таксама з-за мяжы: з Ангельшчыны і Аўстраліі.

Я меў гонар больш за 30 гадоў быць спачатку знаёмым, а потым сябрам і суседам Фёдара Клімчука, ён жыў літаральна праз дарогу ад мяне. Мы сустракаліся ў мяне дома, на навуковых імпрэзах, а то і выпадкова на вуліцы, доўга гутарылі на розныя, пераважна навуковыя, тэмы.

Справа жыцьця

Кандыдат філялягічных навук лінгвіст Фёдар Клімчук быў захоплены таксама і гісторыяй, фальклёрам, этнаграфіяй ня толькі роднага Палесься і Беларусі ў цэлым, але і многіх краін Эўропы, ён дасьледваў гісторыю такіх этнічна складаных рэгіёнаў, як Крым, былая Югаславія, Карабах. Меў сапраўды інтэлектуальна насычанае жыцьцё і ахвотна дзяліўся сваімі ведамі. Прычым мы заўсёды ў гутарках карысталіся родным палескім дыялектам.

Фёдар Клімчук
Фёдар Клімчук

А вось аб праекце ўсяго свайго жыцьця — перакладзе Бібліі на мову роднай вёскі — Фёдар Данілавіч чамусьці мне нічога не казаў, але 5 сакавіка 2011 году прыйшоў да мяне і ўручыў асобнік Новага Запавету ў перакладзе на заходнепалескую гаворку, які выйшаў у выдавецтве «Мэджык» на сродкі Станіслава Арцюшчыка.

Выданьне Новага запавету ў перакладзе Фёдара Клімчука 2010 году
Выданьне Новага запавету ў перакладзе Фёдара Клімчука 2010 году

Новае выданьне, якое выйшла ў 2019 годзе, большае аб’ёмам на 40 адсоткаў: гэта поўная праца Фёдара Клімчука над перакладам Эвангельля.

Працу Клімчук пачаў у сярэдзіне 1980-х гадоў, яшчэ пры атэістычнай савецкай уладзе. Спачатку перакладаў на родную гаворку іншыя творы, сьвецкага зьместу, напрыклад «Слова пра Ігараў паход». А потым абклаўся выданьнямі Бібліі на розных мовах і прыступіў. На нейкі час прыпыніў працу, бо ня мог засяродзіцца — трэба было штодня хадзіць у Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук.

Да перакладу Бібліі ён вярнуўся ў 1993 годзе, калі выйшаў на пэнсію. Перакладаў доўга і акуратна, выбіраў кожнае слова. Фёдар Данілавіч казаў, што, вярнуўшыся да перакладу Новага Запавету, ён пачаў лепей спаць: замест таго, каб таблеткі шукаць, пераклаў некалькі радкоў — і ўжо лепей сьпіцца.

«Калі пераклад ідзе добра, Фёдар Данілавіч бярэ цукерку. Ён любіць цукеркі, можна і ледзянцы. Сон у яго добры, дзіцячы», — так па-чалавечы напісала пра ягоную працу над перакладам Бібліі знаная польская пісьменьніца Малгажата Шэйнэрт у сваёй кнізе «Насыпаць горы. Палескія гісторыі». Малгажата і Фёдар Данілавіч сустракаліся ў маёй кватэры, у сваю менскую «кавалерку» ён саромеўся запрашаць іншаземцаў.

Малгажата Шэйнерт
Малгажата Шэйнерт

Клімчук закончыў свой пераклад Эвангельля ў 2000 годзе. Дзесяць гадоў пераклад чакаў друкарскага станка. Фёдар Данілавіч быў сапраўды шчасьлівым, калі трымаў кнігу ў руках.

Навошта навуковец пераклаў Новы Запавет на заходнепалескі дыялект
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:29 0:00

Песеннае захапленьне

Калі Сяргей Доўгушаў арганізоўваў выданьне кніг народных песень, запісаных Клімчуком, Фёдар Данілавіч папрасіў дапамагчы перш за ўсё з поўным выданьнем ягонага перакладу Эвангельля. Гэта зроблена, а цяпер рыхтуецца і выхад зборніка запісаных Клімчуком песень — іх каля 400.

Народныя сьпевы былі яшчэ адным захапленьнем Фёдара Клімчука ўсё жыцьцё. Ён ведаў каля тысячы песень на мясцовым дыялекце, на літаратурнай беларускай, на ўкраінскай, расейскай і польскай мовах, якіх навучыўся ад маці Настасьсі Андрэеўны Клімчук (1912–1989) і ад многіх аднавяскоўцаў.

Ён старанна запісаў гэтыя песьні, падзяліў па тыпах, суправадзіў навуковым апаратам. І яшчэ сам прасьпяваў іх перад мікрафонам. Толькі мне ён перадаў на захоўваньне 55 песень. Некалькі ў ягоным выкананьні я запісаў на дыктафон сам. Вось мая любімая песьня ў выкананьні Клімчука, такая вясковая баляда пра каня.

Фёдар Клімчук сьпявае народную песьню «Пора мэні маты дівчыну шукаты»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:58 0:00
Наўпроставы лінк

Запісаныя Клімчуком песьні — сапраўдны скарб, перакананы Сяргей Доўгушаў, які ў апошнія гады жыцьця мовазнаўцы сябраваў зь ім. Клімчук быў вельмі шчасьлівы, што ягоная праца і тут стала запатрабаванай.

Настаўнікі, сябры і вучні

Фёдар Клімчук пазнаёміў мяне з сваімі найлепшымі сябрамі-мовазнаўцамі Вячаславам Вярэнічам (1924–1999), дасьледнікам Палесься і польскіх дыялектаў у былым СССР, а таксама Іванам Лучыцам-Федарцом (1938 — 2016), мовазнаўцам, славістам і этымолягам, таксама вялікім аматарам народнай песьні. Абодва былі ягонымі землякамі з Палесься, яны з генэрацыі мовазнаўцаў, якія зрабілі этапныя дасьледаваньні ў беларускай лінгвістыцы.

Пасьля сьмерці Вячаслава Вярэніча Фёдар Клімчук разам з калегамі зь Беларусі і Польшчы ўпарадкаваў і выдаў багаты «Палескі архіў» Вярэніча.

Многаму ў навуцы Фёдар Клімчук вучыўся ў Юзэфы Фляр’янаўны Мацкевіч (1911–2002), дасьледніцы Статуту ВКЛ як помніка беларускай мовы XVI стагодзьдзя, адной са стваральніц сучаснай беларускай дыялекталёгіі. Менавіта яна ўгледзела ў палескім настаўніку Клімчуку здольнасьці навукоўца і запрасіла яго ў Акадэмію навук. Фёдар Данілавіч быў ёй вельмі ўдзячны, прысьвяціў Ю. Ф. Мацкевіч нямала артыкулаў.

Адна з кніг Фёдара Клімчука
Адна з кніг Фёдара Клімчука

Навуковыя зьдзяйсьненьні самога Фёдара Клімчука высока цэняцца калегамі-філёлягамі ў Беларусі і за мяжой. Ягоныя працы вядомыя мовазнаўцам-славістам усяго сьвету.

Ён быў ацэнены і дзяржавай. Як суаўтар «Лексічнага атласу беларускіх народных гаворак» (1993–1998) атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь за 2000 год. Прэміі Фёдар Данілавіч шчыра радаваўся, ён купіў за яе сабе новы кампутар.

Сярод пасьлядоўнікаў і вучняў Фёдара Данілавіча быў адзін, які асабліва яго радаваў. Гэта сапраўды незвычайная гісторыя вучнёўства і сяброўства. Малады навуковец Крыстыян Рансэра з унівэрсытэту Сюрэй (Вялікая Брытанія), а родам з Краіны Баскаў (Гішпанія), з працаў Клімчука ўведаў беларускае Палесьсе, натхніўся і арганізаваў свае моўныя экспэдыцыі ў палескія вёскі, вывучыўшы і літаратурную беларускую мову, і палескія гаворкі.

Фёдар Данілавіч проста захапляўся Крыстыянам і запрашаў мяне паслухаць ягоныя даклады на паседжаньні навуковага таварыства «Загародзьдзе», якое сам узначальваў.

Крыстыян Рансэра выступае з дакладам на пасяджэньні навуковага таварыства «Загародзьдзе»
Крыстыян Рансэра выступае з дакладам на пасяджэньні навуковага таварыства «Загародзьдзе»

Гэта толькі адзін з фактаў, якія надаюць мне ўпэўненасьці, што будзе жыць памяць пра Клімчука, будзе жыць ягоны пераклад Эвангельля, будзе жыць мова вёскі Сіманавічы ды іншых вёсак Палесься, будзе жыць беларуская мова, вывучэньню якой прысьвяціў жыцьцё мой сябар Фёдар Данілавіч Клімчук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG