Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада ў Каракасе маўчыць пра беларусаў у Вэнэсуэле


На вуліцах Каракаса 23 студзеня 2019

Радыё Свабода паспрабавала высьветліць, ці існуе пагроза беларускім грамадзянам, якія цяпер знаходзяцца ў Вэнэсуэле.

Аднак прадстаўнікі пасольства Беларусі ў Каракасе адмовіліся даць любую інфармацыю пра тое, што цяпер адбываецца ў гэтай краіне і пра колькасьць беларусаў там, перанакіраваўшы ўсе запыты ў Міністэрства замежных спраў. На гарачай тэлефоннай лініі МЗС паведамілі, што «высьвятляюць» інфармацыю пра падзеі ў Вэнэсуэле і што хутчэй за ўсё нейкае інфармацыйнае паведамленьне будзе ў чацьвер.

У сераду лідэр вэнэсуэльскай апазыцыі, сьпікер парлямэнту краіны Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы перад тысячамі прыхільнікаў, якія віталі яго на вуліцах Каракаса.​ Пазьней ён публічна прыняў прэзыдэнцкую прысягу.

Хуан Гуайдо на мітынгу ў Каракасе 23 студзеня 2019
Хуан Гуайдо на мітынгу ў Каракасе 23 студзеня 2019

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ужо абвясьціў, што прызнае Гуайдо кіраўніком Вэнэсуэлы. Трамп заклікаў іншыя ўрады Заходняга паўшар'я зрабіць тое самае.

У сваёй заяве прэзыдэнт ЗША зазначыў: «Мы надалей лічым незаконны рэжым Мадура непасрэдна адказным за любыя пагрозы бясьпецы вэнэсуэльскага народу».

Прызнала Гуайдо дзейным прэзыдэнтам Вэнэсуэлы і Арганізацыя амэрыканскіх дзяржаваў. Пра гэта заявіў у сетцы Twitter яе генэральны сакратар Луіс Альмагра.

Пра пляны Канады прызнаць Гуайдо новым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы паведаміў на ўмовах ананімнасьці канадзкі ўрадовец.

Як мінімум чатыры чалавекі сталі ахвярамі сутыкненьняў падчас пратэстаў супраць новага тэрміну прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура, якія прайшлі ў ноч на сераду ў сталіцы і рэгіёнах краіны. Пра гэта ў сераду паведаміла Agence France Presse са спасылкай на дадзеныя паліцыі і няўрадавых арганізацый.

​Да гэтага жыхары шэрагу раёнаў сталіцы Вэнэсуэлы Каракасу 21 студзеня выйшлі на антыўрадавыя маніфэстацыі пасьля няўдалай спробы групы вайскоўцаў зладзіць мяцеж раніцай таго самага дня.

10 студзеня пераможца прэзыдэнцкіх выбараў у Вэнэсуэле Мадура ўступіў на пасаду кіраўніка дзяржавы. Ён прынёс прысягу ў Вярхоўным судзе, а не ў Нацыянальнай асамблеі, якая знаходзіцца пад кантролем палітычных апанэнтаў прэзыдэнта ад сьнежня 2015 году.

Больш за дзясятак краін лацінаамэрыканскага рэгіёну заявілі аб непрызнаньні новага прэзыдэнцкага тэрміну Мадура.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG