Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Катапункт» на беразе мора: у Адэсе прыдумалі, як зрабіць горад камфортным для бяздомных жывёл


Украіна ўваходзіць у ТОП-10 краінаў сьвету па колькасьці свойскіх катоў, а за пакінутага на вуліцы гадаванца гаспадару пагражае штраф звыш 180 даляраў. Але штрафуюць парушальнікаў рэдка — складана вылічыць нядбайнага гаспадара, які выставіў на вуліцу ката або сабаку, паведамляе «Настоящее время».

І хоць у Адэсе, Дняпры і Кіеве бяздомныя каты ўжо прызнаныя часткай гарадзкой экасыстэмы на мясцовым узроўні, муніцыпальныя праграмы па іх абароне ўсё роўна не спраўляюцца зь вялікай колькасьцю кінутых гадаванцаў.

Клапаціцца пра жывёлаў гарадзкім уладам дапамагаюць зоаактывісты. Яны нядаўна паставілі на адным з гарадзкіх пляжаў у Адэсе мабільны дамок для бяздомных катоў і разьлічваюць, што ён стане пунктам прыцягненьня для гараджанаў, турыстаў і фатографаў.

Мабільны домік называецца «Катапункт», тлумачыць аўтар праекту Дзяніс Фядэнка, які пабудаваў каціны домік проста ў сваім гаражы. Усярэдзіне — салома і ўцепленыя сьценкі, каб жывёлы маглі схавацца ад марозу і рэзкага ветру. Звонку — кармушка, у якую могуць дадаваць ежу ўсё ахвотныя.

«Вось глядзіце: ёсьць труба, вы падымаеце вечка і насыпаеце корм», — дэманструе Дзяніс.

Фядэнка падкрэсьлівае, што ягоны праект — ня проста для таго, каб выратаваць катоў ад холаду і голаду; ён задуманы для таго, каб зблізіць бяздомных жывёлаў зь людзьмі.

«У мяне ёсьць такое бачаньне, што коцікі, мора, Адэса — гэта павінна быць прыгожа і цікава шмат каму, — кажа Дзяніс. — У Адэсе і ва Ўкраіне ёсьць велізарная патрэба ў добрых справах і дапамозе жывёлам. І мне хочацца стварыць пэўны трэнд на тое, каб людзі падтрымлівалі жывёлаў».

Домік спраектаваны з добрым аглядам, каб у цёплую пару году паглядзець на жыцьцё катоў і пафатаграфаваць іх маглі прыходзіць турысты і гараджане.

Зоаабаронцы кажуць, што з «Катапункту» і аналягічных мабільных домікаў зручней забіраць жывёл на стэрылізацыю. Цяпер паводле закону ва Ўкраіне гэта можна зрабіць толькі па заяўцы так званага «апекуна», — валянтэра, які ўзяў шэфства над бяздомнай жывёлай. А такога куратара «Катапункт» мае.

Зьяўленьне каціных дамкоў ухваляюць і ўлады Адэсы. Паводле іх, раней зоаабаронцы спрабавалі ўладкаваць для бяздомных жывёлаў падвалы шматкватэрных дамоў. Але ў многіх украінскіх гарадах гэта проста забаронена законам, а там, дзе дазволена, суседзтву з коткамі радуюцца ня ўсе жыхары:

«Таму такое рашэньне праблемы, на мой погляд, абсалютна альтэрнатыўнае, — кажа Валянціна Дацюк, першы намесьнік дырэктара Дэпартамэнта экалёгіі Адэскага гарсавета. — Замест антысанітарнага становішча ў жылых памяшканьнях проста ставяцца вельмі прыгожыя з пункту гледжаньня архітэктуры дамкі, дзе жывёлы могуць удала перазімаваць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG