Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сыход Мітчэла кепскі для Беларусі». Дракахруст пра адстаўку галоўнага дыплямата Трампа ў эўрапейскіх справах


Уэс Мітчэл

Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Юры Дракахруст лічыць, што адстаўка памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Ўэса Мітчэл можа паўплываць на нармалізацыю дыпляматычных адносінаў Менску і Вашынгтону.

Пра адстаўку ўплывовага чыноўніка адміністрацыі Дональда Трампа сёньня паведаміў намесьнік прэс-сакратара Дзярждэпартамэнту Робэрт Палядына.

«Сыход з пасады Ўэса Мітчэла кепскі для Беларусі найперш няпэўнасьцю, нявызначанасьцю далейшага разьвіцьця падзеяў. Дамоўленасьць пра аднаўленьне поўнай дыпляматычнай прысутнасьці ЗША ў Беларусі і Беларусі ў ЗША была дасягнутая ў значнай ступені дзякуючы Мітчэлу, ён вёў перамовы па гэтым пытаньні і быў абазнаны ў іх дэталях.

Менавіта ён зрабіў гучную заяву пра тое, што Ўкраіна, Грузія і нават Беларусь — аплот супраць расейскага нэаімпэрыялізму.

Зразумела, ён ня быў асобай, якая вызначае палітыку ЗША адносна Беларусі. Але ён валодаў пытаньнем, у яго выпрацаваліся падыходы да яго. Новы чалавек — гэта новы чалавек. Ён можа быць лепшым, можа горшым, але гэта невядома. Яму спатрэбіцца вялікі час, каб увайсьці ў курс справаў, а беларускія справы будуць сярод іх далёка ня першымі. Таму нармалізацыя дыпляматычных адносінаў зь Беларусьсю проста з гэтай прычыны можа адбыцца пазьней, чым калі б спадар Мітчэл застаўся на пасадзе», — лічыць Дракахруст.

Выданьне Washington Post называе Мітчэла галоўным дыпляматам Трампа ў эўрапейскіх справах. У кастрычніку летась ён наведаў Менск і сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Раней Мітчэл назваў Беларусь часткай антыімпэрскага муру.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG