Па дадзеных Цэнтра стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў, штаб знаходзіцца на базе Сіноры, якая, магчыма, «не зьяўляецца прадметам перамоваў аб дэнуклеарызацыі».
Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Адна з 20 незадэкляраваных ракетных базаў у Паўночнай Карэі служыць штабам падразьдзяленьня ракетных войскаў, сьцьвярджаецца ў дакладзе Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў.
«Ракетная база Сіноры і разьмешчаныя там ракеты „Надон“ упісваюцца ў меркаваную ядзерную ваенную стратэгію Пхэньяну, забясьпечваючы на апэратыўным узроўні патэнцыял для нанясеньня першага ўдару ядзернай або звычайнай зброяй» — гаворыцца ў дакладзе.
Незадэкляраваны штаб ракетных войскаў быў знойдзены праз тры дні пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ён «зь нецярпеньнем чакае» новага саміту з паўночнакарэйскім лідэрам Кім Чэн Ынам у канцы лютага, на якім плянуецца абмеркаваць працэс дэнуклеарызацыі.
Кім Чэн Ын паабяцаў працаваць у напрамку дэнуклеарызацыі на першым саміце з Трампам у чэрвені 2018 году, але з тых часоў значнага канкрэтнага прагрэсу дасягнута не было.
Цэнтар стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў, які ў апошні раз паведамляў пра 20 ракетных базаў у лістападзе, заявіў, што база Сіноры ніколі не дэкляравалася Паўночнай Карэяй і, «мяркуючы па ўсім, не зьяўляецца прадметам перамоваў аб дэнуклеарызацыі».