Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўвялі новыя правілы рэгістрацыі транспарту. Што новага?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З 21 студзеня 2019 году ДАІ мяняе некаторыя нормы рэгістрацыі аўтатранспарту, паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў са спасылкай на ўрадавую пастанову, якая зьмяніла Палажэньне аб парадку дзяржаўнай рэгістрацыі і ўліку транспартных сродкаў.

Што зьмянілася?

  • Цяпер здымаць аўтамабіль з уліку можна будзе ў любым рэгістрацыйным падразьдзяленьні, незалежна ад месца яго рэгістрацыі;
  • ставіць на ўлік новыя машыны могуць аўтасалёны ці лізінгадаўцы;
  • пры згубе або крадзяжы нумароў дастаткова будзе акту агляду машыны нарадам ДПС, цяпер няма патрэбы ў паўторнай зьверцы нумароў па месцы рэгістрацыі;
  • у некаторых выпадках можна будзе зарэгістраваць «машыну-двайніка», у якой супадаюць дадзеныя зь іншым, раней ужо зарэгістраваным, аўтамабілем.

Электронныя пашпарты для аўта ўвядуць з 1 лістапада

Таксама ў МУС Беларусі пацьвердзілі намер укараніць з 1 лістапада сыстэму электронных пашпартоў транспартных сродкаў. Пасьля гэтага дакумэнты на папяровым носьбіце афармляцца ня будуць.

Калі зьявіцца электронная база зьвестак, новыя машыны пры продажы іх юрыдычнымі асобамі ўжо ня трэба будзе дадаткова рэгістраваць у ДАІ, усе неабходныя зьвесткі будуць у адпаведнай базе дадзеных. Туды іх унясуць вытворцы або імпарцёры аўтамабіляў.

У базу дадзеных будуць заносіць зьвесткi пра ўсе юрыдычна значныя падзеі з гісторыі аўтамабіля (страхавыя выпадкі, ўгоны, праца таксі і т. д.), і ягоны ўласьнік у выпадку неабходнасьці зможа ў любы момант атрымаць выпіску з рэестру.

Сыстэма электронных пашпартоў дазволіць адсочваць увесь жыцьцёвы цыкл машыны — пачынаючы ад вытворчасьці або ўвозу ў Беларусь і заканчваючы ўтылізацыяй, што павысіць празрыстасьць і бясьпеку ўгодаў на другасным аўтарынку.

Дамоўленасьці аб адзінай сыстэме ў ЭАЭС былі дасягнутыя ў 2014 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG