Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Івацэвіцкага раёну выйграў суд у трох міліцыянтаў


Антон Іваноў

29-гадовы жыхар вёскі Воля Івацэвіцкага раёну Антон Іваноў змог абараніцца ў судзе ад абвінавачваньняў з боку міліцыі. Цяпер ён патрабуе пакараць супрацоўнікаў РАУС за беспадстаўнае затрыманьне яго ў ізалятары на адны суткі.

Антон Іваноў працуе на асабістай гаспадарцы ды падпрацоўвае качагарам. Ён паляўнічы, мае зарэгістраваную стрэльбу. Да праблемаў зь міліцыяй яго прывяло тое, што ён купіў у аднавяскоўца электраінструмэнт, які аказаўся крадзеным.

Але нейкай віны ў скупцы крадзенага міліцыянты не даказалі і пасьля допыту абвінавацілі Антона Іванова ў брыдкаслоўі. Адміністрацыйная справа на яго была заведзеная паводле артыкулу «дробнае хуліганства». Міліцыя перадала справу ў суд Івацэвіцкага раёну і выступіла з пагрозай забраць у Іванова дазвол на захоўваньне зброі.

Віна не даказаная

Тры міліцыянты Івацэвіцкага РАУС праходзілі сьведкамі ў справе аб дробным хуліганстве з боку Іванова і даводзілі суду, што ён нібыта «ў будынку Івацэвіцкага РАУС наўмысна гучна нецэнзурна лаяўся ў прысутнасьці супрацоўнікаў міліцыі, крычаў, размахваў рукамі, на неаднаразовыя патрабаваньні спыніць супрацьпраўныя дзеяньні не рэагаваў, чым парушыў грамадзкі парадак і спакой грамадзянаў зь яўнай непавагай да грамадзтва».

Суд Івацэвіцкага раёну (архіўнае фота)
Суд Івацэвіцкага раёну (архіўнае фота)

Аднак судзьдзя Васіль Аўрусевіч палічыў, што тлумачэньні сьведак-міліцыянтаў Арцюшэні, Кікуна і Котава не даказваюць вінаватасьць Антона Іванова.

«Інфармацыі аб знаходжаньні ў кабінэце іншых асобаў, спакой якіх быў парушаны, суду даведзена ня было, таму суд лічыць, што дзеяньні Іванова А. М. не былі зьвязаныя з парушэньнем грамадзкага парадку, не выказвалі яўнай непавагі да грамадзтва, не парушалі спакою іншых грамадзянаў», — патлумачыў пазыцыю судзьдзя.

Суд пастанавіў спыніць справу «ў сувязі зь недаказанасьцю віны».

Чаму Іваноў прыйшоў «мацюкацца» ў РАУС?

Канфліктная сытуацыя адбылася ўлетку 2018 году. Як расказаў Антон Іваноў, да яго прыйшоў аднавясковец і прапанаваў нядорага набыць электраінструмэнт. Іваноў трымае асабістую гаспадарку, таму, кажа ён, палічыў, што інструмэнт спатрэбіцца ў гаспадарцы, таму і набыў яго.

14 чэрвеня да Іванова прыехалі міліцыянты і запатрабавалі «прызнавацца»:

Ціснулі на мяне псыхалягічна, палохалі, таму я, натуральна ні ў чым не прызнаваўся.

«Безь ніякіх тлумачэньняў кажуць — давай прызнавайся. Пытаўся — што здарылася? Нічога ня кажуць, у выніку завезьлі ў аддзел „размаўляць па-іншаму“. У міліцыі таксама доўга патрабавалі прызнавацца, потым патлумачылі, што я купіў крадзены электраінструмэнт. Ціснулі на мяне псыхалягічна, палохалі, таму я, натуральна ні ў чым не прызнаваўся», — кажа Антон Іваноў.

Палову дня ён правёў у міліцыі. У кабінэт нават прыводзілі аднавяскоўца, які пацьвердзіў, што прадаваў Іванову тыя электраінструмэнты.

«У выніку нешта псыханулі, праверылі мяне на алькаголь — аказаўся цьвярозы. Пасьля зьмясьцілі мяне ў камэру. Раніцай прынесьлі дакумэнты падпісаць, сказалі: ідзі дахаты і нічога ня будзе. Я і падпісаў праз акенца. Ужо потым даведаўся, што я паводзіў сябе неадэкватна, размахваў рукамі ды брыдкасловіў», — кажа Антон Іваноў.

У выніку Іванова адпусьцілі з РАУС, ён выдаў міліцыянтам электраінструмэнты.

Хацелі пазбавіць права на захоўваньне зброі

Праз пэўны час Іванову прыйшоў ліст ад судовых выканаўцаў, што на яго накладзены штраф 2 базавыя велічыні (49 рублёў). А потым дахаты завітаў і міліцыянт, які паведаміў, што Іваноў мусіць здаць зарэгістраванае ружжо, бо ня мае права яго захоўваць у сувязі з тым, што быў прыцягнуты за хуліганства.

«Пасьля таго, як паведамілі, што мусяць пазбавіць мяне права на стрэльбу на тры гады, я паехаў у аддзел пытацца: як так, абяцалі ж, што нічога ня будзе. Нічога не дабіўся, у выніку напісаў скаргу ў пракуратуру. Наша пракуратура заступілася за іх; я напісаў далей, у абласную. І адтуль прыйшоў адказ, што пакараньне беспадстаўнае і незаконнае і справу перадазеная ў наш суд», — расказаў Антон Іваноў.

Іваноў кажа, што, каб не ружжо, то ён бы і не пісаў скаргі. Але яго як паляўнічага менавіта гэта абурыла.

Антон Іваноў сказаў Свабодзе, што будзе пісаць далейшыя скаргі на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі і судзіцца за тое, што незаконна адседзеў суткі ў ізалятары.

У міліцыі Івацэвіцкага раёну не камэнтуюць гэты выпадак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG