Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскі прынц Філіп трапіў у аўтамабільную аварыю


Архіўнае фота. Каралева Вялікай Брытаніі Лізавета і прынц Філіп у Палаце лордаў у Лёндане, 18 траўня 2016 году
Архіўнае фота. Каралева Вялікай Брытаніі Лізавета і прынц Філіп у Палаце лордаў у Лёндане, 18 траўня 2016 году

Прынц Філіп, герцаг Эдынбурскі, які ёсьць мужам каралевы Вялікай Брытаніі, трапіў у аўтамабільную аварыю, паведамляе BBC.

Інцыдэнт адбыўся непадалёк ад каралеўскага маёнтку ў пасёлку Сандрынгем у графстве Норфалк. Пашкоджаньняў 97-гадовы прынц Філіп не атрымаў, гаворыцца ў паведамленьні.

Букінгемскі палац паведаміў, што аварыя адбылася з удзелам яшчэ аднаго аўтамабіля.

Герцаг ехаў на аўтамабілі Range Rover і выяжджаў на дарогу A149, калі і адбылася аварыя.

Паводле відавочцаў, аўтамабіль, на якім ехаў прынц Філіп, перакуліўся.

Сьведкі аварыі дапамаглі герцагу выбрацца з машыны. Яны кажуць, што прынц быў у прытомнасьці, але «вельмі шакаваны» тым, што адбылося.

Каралеўскі карэспандэнт BBC Нікалас Вітчэл дадаў, што два чалавекі, якія знаходзіліся ў другой машыне, атрымалі мэдыцынскую дапамогу з прычыны невялікіх пашкоджаньняў, як паведаміла мясцовая паліцыя.

Герцаг вярнуўся ў Сандрынгем, дзе яго агледзелі лекары. Яны пацьвердзілі, што прынц Філіп застаўся цэлым.

Каралева Лізавета і прынц Філіп знаходзяцца ў Сандрынгеме з канца сьнежня мінулага году.

Празь пяць месяцаў герцагу спаўняецца 98 гадоў. Ён дагэтуль сам кіруе аўтамабілем на дарогах агульнага карыстаньня, бо заўсёды быў вельмі незалежным і пярэчыў супраць таго, каб у яго забралі права вадзіць аўта самастойна.

Ён ня ўдзельнічае ў публічных падзеях са жніўня 2017 году.

Рашэньне адысьці ад публічнага жыцьця Філіп прыняў пасьля таго, як на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў падтрымліваў каралеву і наведваў розныя мерапрыемствы — ад афіцыйных да дабрачынных.

Увесну мінулага году Філіп перанёс апэрацыю па замене тазасьцегнавога сустава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG