Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША пачнуць выхад краіны з ракетнай дамовы з Расеяй у лютым


Дональд Трамп

У ЗША будзе запушчаны працэс выхаду краіны з дамовы з Расеяй аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасьці. Пра гэта ў Жэнэве заявіла намесьнік дзяржсакратара па кантролі над узбраеньнямі Андрэа Томпсан, перадае агенцтва Reuters.

Як паведамлялася ў аўторак, ЗША засталіся незадаволеныя вынікамі праведзеных у гэты дзень у Жэнэве перамоваў з Расеяй. У сувязі з гэтым 2 лютага будзе запушчаны працэс выхаду ЗША з пагадненьня па РСМД, які павінен завяршыцца на працягу шасьці месяцаў.

Андрэа Томпсан заявіла, што, улічваючы папярэднія перамовы і рыторыку Масквы, у Вашынгтона няма падставаў меркаваць, што Расея пачне выконваць палажэньні дакумэнта. Міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў у сваю чаргу заявіў, што ЗША не ўлічылі ўсіх мер, якія Расея прапанавала для захаваньня дамоўленасьцяў.

Пагадненьне аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці падпісалі ў 1987 годзе прэзыдэнт ЗША Рональд Рэйган і савецкі лідэр Міхаіл Гарбачоў. Дагавор прадугледжваў зьнішчэньне на працягу трох гадоў часткі ядзернага арсэналу абедзьвюх краін, у прыватнасьці ракет далечыні палёту ад 500 да 5500 кілямэтраў.

Пасьля прыходу да ўлады прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова абвінавачваў Расею ў захоўваньні ракет насуперак палажэньням пагадненьня. Масква гэтыя абвінавачваньні адмаўляе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG