Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высяляць сядзібу БНФ ня будуць, — рашэньне суду


Выстава да 30-годзьдзя БНФ на сядзібе партыі
Выстава да 30-годзьдзя БНФ на сядзібе партыі

Менскі гарадзкі эканамічны суд адмовіў камунальнікам у пазове аб высяленьні партыі БНФ з офісу.

Судзьдзя Менскага эканамічнага суду Натальля Крук адмовіла камунальнаму прадпрыемству «Домэнергасэрвіс» (былое ЖРЭА Першамайскага раёну) у задавальненьні пазову да Партыі БНФ аб скасаваньні дамовы арэнды і высяленьні.

Пры гэтым суд усклаў выплату судовых выдаткаў на Партыю БНФ — каля 900 рублёў. Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў вітаў гэтае рашэньне суду.

«Мы разумеем, што гэта палітычнае рашэньне, яно прынята не судом. Добра, што ў нас разумеюць: рэзананс ад задавальненьня пазову нэгатыўна адгукнуўся б ня толькі ў Беларусі», — сказаў у камэнтары Радыё Свабода спадар Кастусёў.

Прадстаўніца пазоўніка «Домэнергасэрвіс» юрысконсульт Вольга Віхноўская сказала, што пакуль ня ведае, ці будзе рашэньне гарадзкога суду абскарджанае зь іхнага боку.

«Трэба дачакацца матывуючай часткі рашэньня», — сказала яна.

«Домэнергасэрвіс» дамагаўся высяленьня Партыі БНФ з офісу на вуліцы Чарнышэўскага ў Менску на той падставе, што арандатар несвоечасова аплачваў арэндную плату і камунальныя плацяжы, на канец 2018 году за ім была запазычанасьць у 28 тысяч рублёў.

Рыгор Кастусёў у спрэчках прызнаў, што аплаты цягам двух апошніх гадоў праводзіліся нерэгулярна, але спаслаўся на цяжкае матэрыяльнае становішча сяброў партыі і тое, што БНФ не атрымала паніжальнага каафіцыэнту 0,1, як некаторыя іншыя.

«Чаму з намі абыходзяцца, як з камэрсантамі?» — абурыўся ў судзе Кастусёў і прывёў зьвесткі, паводле якіх больш за 700 прадпрыемстваў і арганізацый у Менску маюць запазычанасьці ў арэндзе, і ў гэтым сьпісе няма Партыі БНФ, але на яе камунальнікі падалі ў суд.

На пачатак 2019 году ўсю запазычанасьць ліквідавалі, давёў суду старшыня Партыі БНФ. Прадстаўніца «Домэнергасэрвісу» пацьвердзіла, што запазычанасьць ліквідаваная, але нагадала, што арандатар зноў не зрабіў рэгулярную аплату, цяпер ужо за студзень 2019 году.

Рыгор Кастусёў запэўніў, што выплаты будуць паступаць рэгулярна, і паведаміў, што Партыя БНФ зьвярнулася да старшыні ўраду Беларусі Сяргея Румаса з просьбай даць паніжальны каэфіцыент у аплаце арэнды.

Кастусёў таксама паведаміў, што цяпер партыя шукае яшчэ 7 тысяч рублёў для аплаты пені, налічанай за запазычанасьць у 28 тысяч рублёў, якую сплацілі ў канцы году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG