Парлямэнт Вэнэсуэлы абвясьціў прэзыдэнта краіны Нікаляса Мадура ўзурпатарам. Нацыянальная асамблея, большасьць у якой належыць апазыцыі, лічыць несапраўднымі ўсе рашэньні, якія прымае кіраўнік дзяржавы.
Нікаляс Мадура ў чарговы раз уступіў на пасаду прэзыдэнта Вэнэсуэлы 10 студзеня. Цяперашні прэзыдэнцкі тэрмін працягнецца да 2025 года. У аўторак амэрыканскі тэлеканал CNN паведаміў, што ЗША разглядаюць магчымасьць прызнаньня кіраўніка апазыцыйнага парлямэнту Вэнэсуэлы Хуана Гуайдо легітымным прэзыдэнтам краіны замест Нікаляса Мадура.
Крыніцы тэлеканала таксама распавялі, што ў Вашынгтоне не выключаюць узмацненьня санкцый супраць Каракаса. У прыватнасьці не выключаецца ўвядзеньне поўнага эмбарга на вэнэсуэльскую нафту.
Мадура займае пасаду прэзыдэнта Вэнэсуэлы з 2013 года. Тады ён выйграў выбары, якія прайшлі пасьля сьмерці былога лідэра краіны Уга Чавэса. Цяперашні прэзыдэнт выступае за працяг эканамічнай палітыкі свайго папярэдніка, якую той называў «баліварыянскім сацыялізмам».