Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адбудзецца Brexit? Брытанскі парлямэнт галасуе ў пытаньні пляну Тэрэзы Мэй


Тэрэза Мэй выступіла з заявай напярэдадні галасаваньня

У брытанскім парлямэнце адбываецца паседжаньне, якое мае скончыцца галасаваньнем па пляне Brexit, прапанаваным урадам Тэрэзы Мэй. Лічыцца, што шанцы прэм’ер-міністаркі атрымаць падтрымку парлямэнту невысокія. Што будзе азначаць яе параза, незразумела: называюцца варыянты ад так званага no-deal Brexit, гэта значыць выхаду Вялікабрытаніі з ЭЗ наогул без усякага пагадненьня, — да адтэрміноўкі і нават адмовы ад Brexit.

Кароткая гісторыя Brexit

  • На рэфэрэндуме 2016 году — нечакана для ўраду — з перавагай менш за 4 працэнты перамаглі прыхільнікі выхаду Вялікабрытаніі з ЭЗ.
  • Прэм’ер-міністар Дэйвід Кэмэран, які выступаў супраць Brexit, але які ініцыяваў рэфэрэндум у палітычных мэтах, сышоў у адстаўку.
  • Урад кансэрватараў узначаліла Тэрэза Мэй, і менавіта яна, хоць і лічылася прыхільніцай членства краіны ў ЭЗ, узначаліла перамовы аб выхадзе з Эўрапейскага зьвязу.
  • Датай Brexit было прызначанае 29 сакавіка 2019 году.
  • Мэй правяла выбары, спадзеючыся ўзмацніць пазыцыі ў парлямэнце, але кансэрватары страцілі галасы і вымушаныя былі шукаць падтрымкі юніяністаў Паўночнай Ірлэндыі.
  • Улетку 2018 года, пасьля шматмесячных перамоваў, плян выхаду Брытаніі з ЭЗ, нарэшце, быў узгоднены з Брусэлем.
  • Плян, аднак, выклікаў раскол ва ўрадзе Мэй. Яго пакінулі некалькі міністраў, уключаючы Борыса Джонсана, самую значную постаць кампаніі за Brexit.
  • У канцы году парлямэнт, які патрабаваў «асэнсаванага», а не фармальнага абмеркаваньня пляну Мэй, быў гэтак відавочна настроены супраць яго, што прэм’ерка перанесла галасаваньне і паспрабавала атрымаць дадатковыя гарантыі ад ЭЗ.
  • У кансэрватыўнай партыі прайшло галасаваньне пра недавер Мэй. Яна перамагла, але яе перавага была нязначная.

Чаму так цяжка выйсьці з ЭЗ, і ў чым праблема Мэй

Свабодны гандаль у рамках Эўрапейскага зьвязу меў на ўвазе свабоду перамяшчэньня працоўнай сілы і сынхранізацыю брытанскіх законаў з эўрапейскімі. Кампанія за Brexit вялася як вяртаньне краіне кантролю над іміграцыяй і магчымасьці прымаць законы без аглядкі на ЭЗ.

Ключавой праблемай Brexit стала мяжа паміж Ірляндыяй, дзяржавай-удзельніцай ЭЗ, і Паўночнай Ірляндыяй, часткай Злучанага каралеўства — адзіная сухапутная мяжа Брытаніі з ЭЗ.

Празрыстасьць гэтай мяжы была адным з фактараў прымірэньня шматгадовага крывавага канфлікту ў Ольстэры, таму Брытанія і ЭЗ імкнуліся захаваць яе ў цяперашнім выглядзе. Аднак задача аказалася амаль невырашальнай: калі захаваць свабоду перамяшчэньня тавараў, Паўночная Ірляндыя дэ-факта застанецца ў адзінай гандлёвай і мытнай прасторы ЭЗ, і — альбо сьледам за ёй там застанецца астатняя Вялікабрытанія, альбо трэба будзе ўводзіць бар’еры паміж Паўночнай Ірляндыяй і аддзеленай ад яе морам астатняй часткай Злучанага каралеўства. Апошні варыянт выклікаў вялікае незадавальненьне ірляндзкіх юніяністаў і іншых палітычных сілаў, якія палічылі гэта разбурэньнем цэласьці краіны.

Урад Мэй пасьля доўгіх перамоваў з ЭЗ прыйшоў да складанага кампрамісу, які фармальна абвяшчаў Brexit, але захоўваў, прынамсі часова, многія агульныя з ЭЗ правілы, якія датычаць гандлю, міграцыі і судовай сыстэмы — і гэта дазваляла захаваць празрыстую мяжу з Ірляндыяй да зьяўленьня нейкіх новых пагадненьняў або нейкіх новых тэхналёгіяў кантролю над перамяшчэньнем тавараў. Калі дэталі пагадненьня сталі вядомыя, Мэй апынулася пад агнём крытыкі адразу зь некалькіх бакоў.

  • Прыхільнікі больш жорсткага Brexit заявілі, што гэты варыянт горшы, чым захаваньне сяброўства ў ЭЗ, паколькі Брытанія пагодзіцца падпарадкоўвацца эўрапейскім законам, на прыняцьце якіх больш ня зможа ўплываць. Мэй запэўнівала, што ўсе гэтыя пагадненьні часовыя — але не пераканала нават шматлікіх аднапартыйцаў.
  • Апанэнты Brexit вядуць кампанію за новы рэфэрэндум, заяўляючы, што цяпер народ павінен выказацца наконт канкрэтнага варыянту выхаду з ЭЗ, прапанаванага Мэй. Ідэя, якую палітычная эліта першапачаткова адпрэчвала, цяпер знаходзіць усё больш шырокую падтрымку.

Апошнія намаганьні Мэй

Тэрэза Мэй прадпрымае адчайныя спробы выратаваць свой плян Brexit:

— пераконвае ЭЗ даць дадатковыя запэўненьні, што Брытанія не апынецца ў пастцы, пайшоўшы на часовыя пагадненьні наконт ірляндзкай мяжы — аднабакова іх скасаваць будзе немагчыма.

— малюе самыя змрочныя пэрспэктывы, калі яе плян будзе адкінуты парлямэнтам. Паводле яе, давер народу да палітыкі будзе падарваны, Brexit можа не адбыцца, нягледзячы на волевыяўленьне большасьці, і ёсьць пагроза стабільнасьці краіны.

Што далей

Парлямэнт галасуе ў аўторак. Супраць пляну Мэй выступіць апазыцыя і, магчыма, каля 100 дэпутатаў кансэрватыўнай партыі. Калі плян адкінуць,

— урад будзе мець некалькі дзён, каб прапанаваць «плян Б» і паспрабаваць атрымаць дадатковыя гарантыі ЭЗ,

— 21 студзеня можа адбыцца галасаваньне наконт «пляну Б»,

— калі і ён будзе адкінуты, парлямэнт можа паспрабаваць узяць Brexit пад свой кантроль і дасягнуць уласнага кампраміснага пагадненьня — каб не дапусьціць выхаду Брытаніі з ЭЗ зусім без пагадненьня. Гэты варыянт, паводле многіх ацэнак, будзе мець цяжкія наступствы для эканомікі краіны і можа прывесьці да масавых пратэстаў, перабояў з забесьпячэньнем з прычыны праблем з транспартнай камунікацыяй з ЭЗ, і аднаўленьнем рэальнай мяжы з Ірляндыяй.

  • Улады Вялікабрытаніі перакінуць у Паўночную Ірляндыю каля тысячы паліцыянтаў з Ангельшчыны і Шатляндыі для забесьпячэньня бясьпекі ў выпадку масавых беспарадкаў пры магчымым зрыве Brexit.
  • Эўрапейскі зьвяз неаднаразова заяўляў, што не зьбіраецца пераглядаць пагадненьне з Брытаніяй аб Brexit.
  • Лідэр апазыцыйнай лейбарысцкай партыі Джэрэмі Корбін кажа аб магчымасьці — у выпадку правалу пляну Мэй, — хуткага вынясеньня пытаньня аб вотуме недаверу ўраду і датэрміновых выбарах.
  • Два буйныя бізнэсоўцы Пітэр Харгрэйвз і Крысьпін Оудзі, вядучыя спонсары кампаніі за Brexit, засумняваліся, што ён адбудзецца — з прычыны «стомленасьці выбарнікаў ад палітычных спрэчак». Оудзі заявіў, што пераарыентуе свае фінансавыя апэрацыі на верагоднае, на яго думку, захаваньне членства Вялікабрытаніі ў ЭЗ, бо «больш ня верыць у Brexit з прычыны складанасьцяў, зь якімі сутыкаецца брытанскі ўрад». Пра тое, што Злучанае каралеўства ўрэшце можа застацца ў ЭЗ, заявіў міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Джэрэмі Гант.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG