Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вітаўт» супраць «Крамля». Беларусы адваёўваюць у расейцаў рынак гульнявога абсталяваньня


На гульнявым комплексе ў вочы кідаецца надпіс «Вітаўт»
На гульнявым комплексе ў вочы кідаецца надпіс «Вітаўт»

Менскі вытворца гульнявога абсталяваньня для дзяцей «Бэбібуд» з дапамогай беларушчыны спрабуе ўмацаваць свае пазыцыі на ўнутраным рынку.

Кампанія распрацавала тэматычныя мадэлі забаўляльных комплексаў зь беларускімі назвамі і выглядам. У новай лінейцы прадукцыі — гульнявыя пляцоўкі «Вялікі Вітаўт», «Князь Міндоўг» ды «Андрэй Полацкі».

Прыватная арганізацыя разьлічвае, што яе «беларускамоўныя» вырабы будуць умацоўваць нацыянальную ідэнтычнасьць дзяцей і дазволяць ёй стаць прыкметнай на рынку.

«Замала беларушчыны»

Дырэктар кампаніі Аляксей Вакульчык лічыць, што ў візуальным афармленьні дзіцячай прадукцыі замала беларушчыны. На рынку гульнявога абсталяваньня яе наагул няма. Суразмоўца ня ўтойвае, што ўжываньне беларускай мовы дазволіць кампаніі вылучыцца сярод канкурэнтаў.

На ягоную думку, неназойлівыя згадкі імёнаў славутых герояў беларускай гісторыі закладуць падмурак у разуменьні дзецьмі сваёй тоеснасьці зь Беларусьсю.

Гульнявы комплекс «Вялікі Вітаўт» у Клімавічах
Гульнявы комплекс «Вялікі Вітаўт» у Клімавічах

«Можа, яны не адразу прымуць наша пасланьне, але на падсьвядомым узроўні яно адкладзецца і, як надыдзе час, яно дапаможа дзецям зразумець, хто яны», — тлумачыць новыя падыходы ў называньні прадукцыі Аляксей Вакульчык.

Першы гульнявы комплекс новай сэрыі ў кампаніі назвалі «Вялікім Вітаўтам». Ён застаецца самым папулярным у пакупнікоў. Найчасьцей гэта жыльлёва-камунальныя арганізацыі.

«Вітаўт найбольш славуты і пазнавальны беларускі герой. За часамі ягонага княжаньня беларуская дзяржаўнасьць была ў росквіце. Відаць, таму і гульнявы комплекс зь яго імем запатрабаваны. Зразумела, мы зацікаўленыя, каб і іншыя нашы тэматычныя мадэлі — „Князь Міндоўг“ і „Андрэй Полацкі“ — разыходзіліся як мага шырэй», — адзначае суразмоўца.

Ён дадае, што кампанія шукае адмыслоўцаў, якія б дапамаглі разьвіць ідэю з патрыятычнымі гульнявымі комплексамі.

Такія комплексы разьлічаныя для дзяцей ад 2 да 12 гадоў. Для забавы дзятвы — коўзанкі, лескі, шасты, альпінісцкія сьценкі.

У Клімавічах — «Вялікі Вітаўт». У Магілёве — «Маскоўскі крэмль»

Адзін з гульнявых комплексаў стаіць у райцэнтры Клімавічы, што на Магілёўшчыне. Забаўка ў выглядзе крэпасьці з надпісам «Вітаўт» зьявілася ў канцы 2018 году ў мясцовым парку. Ён штогод становіцца галоўнай пляцоўкай міжнароднага фэстывалю дзіцячай творчасьці «Залатая пчолка». Насупраць, праз дарогу, будынак аддзелу ідэалягічнай працы мясцовага райвыканкаму. Непадалёк і сам райвыканкам.

«Маіх дваіх дзяцей не адцягнуць ад гульні тут», — рэагуе маладая жанчына на цікавасьць журналіста да гульнявога комплексу. Суразмоўца прызналася: пачытаўшы слова «Вітаўт», спачатку падумала, што гэта назва арганізацыі, якая вырабіла комплекс, але муж ёй патлумачыў — «гэта літоўскі князь».

«Вялікага Вітаўта» бачаць з вокнаў ідэолягі Клімавіцкага райвыканкаму
«Вялікага Вітаўта» бачаць з вокнаў ідэолягі Клімавіцкага райвыканкаму

Аляксей Вакульчык кажа, што, акрамя Клімавіч, на комплексе забаўляюцца дзеці ў Менску і шэрагу іншых гарадоў.

А вось у Магілёве дзіцячага комплексу «Князь Вітаўт» няма. Затое ад 2006 году ў цэнтры гораду ёсьць гульнявы комплекс «Маскоўскі крэмль», які, як тады сьцьвярджалася, падарыла гораду ўправа Ўсходняй адміністрацыйнай акругі Масквы.

У кастрычніку 2018 году, напярэдадні Форуму рэгіёну Беларусі і Расеі, стары «Крэмль» замянілі новым. Зь яго зьніклі дзяржаўны герб Беларусі ды герб Магілёва, але зьявіліся чырвоныя зоркі.

Канкураваць з расейцамі складана

Аляксей Вакульчык кажа: «Крэмль» паставіла ў Магілёве расейская кампанія — лідэр тамтэйшага рынку гульнявага і спартовага абсталяваньня. Яна асноўны іх канкурэнт.

Суразмоўца прызнаецца, што канкураваць з расейцамі няпроста. Яны маюць вялізныя аб’ёмы вытворчасьці і могуць дазволіць сабе больш гнуткія падыходы ў фармаваньні цаны.

Гульнявы комплекс «Маскоўскі крэмль»
Гульнявы комплекс «Маскоўскі крэмль»

«Варта ўлічваць яшчэ і курс расейскага рубля. Калі ён слабне да даляра, то канкураваць з расейскай кампаніяй становіцца яшчэ складаней, бо іх цана падае. Мы ж стараемся перамагаць, робячы свае комплексы больш функцыянальнымі, каб у дзіцяці быў шырэйшы выбар гульнявых сцэнароў», — тлумачыць суразмоўца.

«Вялікі Вітаўт» таньнейшы за «Маскоўскі крэмль» на 10 тысяч даляраў

Аляксей Вакульчык запэўнівае, што комплекс «Вялікі Вітаўт» таньнейшы, чым «Маскоўскі крэмль». Яго цана вагаецца ад 12 100 да 14 200 рублёў (ад 6 да 7 тысяч даляраў).

Комплекс «Маскоўскі крэмль» узору 2006 году з гербам Магілёва і дзяржаўным гербам Беларусі
Комплекс «Маскоўскі крэмль» узору 2006 году з гербам Магілёва і дзяржаўным гербам Беларусі

Цана гульнявога комплексу «Крэмль», аналягічнага таму, што стаіць у Магілёве, сягае 1 550 000 расейскіх рублёў (23,5 тысячы даляраў).

«Мусім улічваць моўную сытуацыю»

Менская кампанія «Бэбібуд» зьявілася на беларускім рынку ў 2012 годзе. Сярэдні ўзрост яе заснавальнікаў меней за 35 гадоў. Сайт прадпрыемства зроблены па-расейску https://playground.by/. Стварэньне яго беларускамоўнай вэрсіі ў пэрспэктыве, кажа Аляксей Вакульчык.

«На жаль, дэкляраванай роўнасьці між дзьвюма дзяржаўнымі мовамі няма, бальшыня нашых патэнцыйных пакупнікоў расейскамоўныя, і мы мусім улічваць гэтую акалічнасьць», — адзначае ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG