Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дональд Трамп: «Я ніколі не працаваў на Расею»


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

«Я ніколі не працаваў на Расею», — так прэзыдэнт Трамп адгукнуўся ў панядзелак на дзьве публікацыі ў вядучых амэрыканскіх газэтах, якія выклікалі павышаную ўвагу ў Злучаных Штатах.

У пятніцу газэта The New York Times апублікавала паведамленьне пра тое, што ФБР пачало расьсьледаваньне ў дачыненьні прэзыдэнта Трампа адразу пасьля звальненьня ім кіраўніка ФБР Джэймса Комі.

Паводле газэт, ініцыятары расьсьледаваньня ў кіраўніцтве ФБР асьцерагаліся, што кіраўнік дзяржавы можа ўяўляць пагрозу нацыянальнай бясьпецы. Трамп у гутарцы з журналістамі назваў гэтых людзей «нягоднікамі».

У суботу газэта The Washington Post паведаміла пра тое, што пасьля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Гамбургу ў 2017 годзе Дональд Трамп забраў у амэрыканскай перакладчыцы запісы, якія яна вяла падчас сустрэчы, і папярэдзіў, што яна ня мае права выдаваць інфармацыю аб гэтай гутарцы нават супрацоўнікам адміністрацыі. Нягледзячы на тое, што на сустрэчы прысутнічаў тагачасны дзяржсакратар Рэкс Тылерсан, крытыкі Дональда Трампа ўспрынялі гэтую інфармацыю з трывогай.

Сам прэзыдэнт у панядзелак заявіў, што ён нічога ня ведае пра гэты інцыдэнт. Ён назваў сустрэчу з Пуціным пасьпяховай. «Нічога страшнага. У нас падобныя сустрэчы праходзяць пастаянна», — сказаў прэзыдэнт Трамп.

Некалькі заканадаўцаў-дэмакратаў абвясьцілі пра тое, што яны маюць намер правесьці слуханьні з удзелам перакладчыцы прэзыдэнта Трампа. Заканадаўцы-рэспубліканцы і прадстаўнікі Белага дома гавораць пра тое, што прэзыдэнт Трамп стаў аб’ектам беспрэцэдэнтнай кампаніі ўцечак інфармацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG