Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судмэдэкспэртыза пацьвердзіла пералом у дзяўчыны, на якую скінулі цагліну з даху. Што сказалі ў ЖКГ?


На месцы здарэньня 10 студзеня. Фота Варвары Казловай

Намесьніца дырэктара жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Кастрычніцкага раёну Менску Алена Паваротная пракамэнтавала здарэньне 11 студзеня, калі на жыхарку Менску Варвару Казлову ўпала цагліна з даху.

Што адбылося?

10 студзеня рабочыя чысьцілі дах дома № 5 на вуліцы Ленінградзкай у Менску. Разам са сьнегам на зямлю паляцелі будаўнічыя матэрыялы. Варвара Казлова ішла ўнізе, цагліна ўпала ёй на нагу. У дзяўчыны гематома і зламаны палец.

«Адбылося падзеньне нязначнага абледзянелага кавалачка»

У камэнтары Свабодзе 10 студзеня галоўны інжынэр ЖЭСу Кастрычніцкага раёну сказаў, што за правядзеньне работ падраднымі арганізацыямі ўнітарнае прадпрыемства «не нясе ніякай адказнасьці».

Ходнік, куды скідалі сьнег і цэглу, ня быў агароджаны з боку дарогі. Фота Варвары Казловай, 10 студзеня
Ходнік, куды скідалі сьнег і цэглу, ня быў агароджаны з боку дарогі. Фота Варвары Казловай, 10 студзеня

Намесьніца дырэктара жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Кастрычніцкага раёну Менску Алена Паваротная ў камэнтары Tut.by адзначыла, што падрадчыкі чысьцілі сьнег «з выкананьнем патрабаваньняў бясьпекі».

«На праезнай частцы быў пастаўлены знак, да якога была нацягнута сыгнальная стужка, яны агароджвалі рух пешаходаў у зоне работ. Рух пешаходаў быў арганізаваны па супрацьлеглым боку. Уздоўж тратуару таксама была нацягнута сыгнальная стужка. Кантроль за ходам работ ачысткі даху ажыцьцяўляўся супрацоўнікам падраднай арганізацыі зь зямлі, ён таксама паказваў пешаходам на неабходнасьць пераходу на супрацьлеглы бясьпечны бок вуліцы».

Паводле Паваротнай, Казлова праігнаравала пастаўлены знак і агароджу і ішла па праезнай частцы, якая побач з зонай работ.

«На вусныя папярэджаньні выканаўца работ падраднай арганізацыі яна не рэагавала, бо была ў навушніках. Пры ачыстцы парапэтаў і схілаў даху адбылося падзеньне нязначнага абледзянелага кавалачка цаглянай кладкі вэнтыляцыйнай шахты на тратуар у агароджаную зону, які пры падзеньні адскочыў і трапіў у нагу пацярпелай. Выканаўца работ неадкладна адрэагаваў на здарэньне і выклікаў хуткую дапамогу», — заявіла Алена Паваротная.

Што гаворыць пацярпелая?

14 студзеня судмедэкспэртыза пацьвердзіла пералом і гематому Казловай, яе перадалі ў міліцыю, дзе праводзяць праверку. Казлова кажа, што ў суд зьвяртацца не зьбіраецца:

«У мяне няма мэты грашова выйграць на гэтым, гэта больш заклік да адказнасьці».

Свабода папрасіла Валерыю Казлову пракамэнтаваць заяву ЖКГ.

Наконт знаку ⛔️. «Там на фатаздымках відаць, што сапраўды стаіць на пачатку знак, але ўздоўж пэрымэтру няма ніякай агароджы. Я цяпер, калі больш цьвяроза гляджу на сытуацыю, разумею, што мэтазгодна было перайсьці на другі бок. Але ў той момант, калі я іду і думаю пра сваё, я ня бачу агароджы і таму абыходжу па краі праезнай часткі, як абыходзілі і людзі».

Наконт навушнікаў 🎧. «У мяне ёсьць бяздротавыя AirPods, яны ў мяне заўжды з сабой. У мяне не была ўключана музыка, і я ні з кім не размаўляла. AirPods не блякуюць гуку (звонку РС), як навушнікі-затычкі».

Наконт папярэджаньняў рабочага 👷‍♂️. «Ён стаяў на супрацьлеглай частцы, дзе прыпаркаваныя машыны. Магчыма, ён нешта сказаў. Але гэта было настолькі невыразна, што я і жанчына перада мною працягвалі ісьці. Калі б яна нешта пачула, то, напэўна, азірнулася б. Калі б я чула нейкія папярэджаньні, то я б перайшла».

Рабочыя чысьцяць ад сьнегу дах дому на вуліцы Ленінградзкай у Менску. Фота Варвары Казловай, 10 студзеня
Рабочыя чысьцяць ад сьнегу дах дому на вуліцы Ленінградзкай у Менску. Фота Варвары Казловай, 10 студзеня

Дык а якая тэхніка бясьпекі мусіць быць?

У лісьце дэпартамэнту інспэкцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны напісана:

  • Тэрыторыя, на якую скідаюць сьнег, мусіць быць агароджаная з трох бакоў. Уздоўж усёй пляцоўкі мае быць нацягнутая вяроўка з чырвонымі сьцяжкамі ці сыгнальнай стужкай ня менш як за 6 мэтраў ад будынка. У выпадку неабходнасьці скідаць сьнег з дахаў будынкаў вышынёй больш як 40 м зона агароджваньня павінна быць прапарцыйна павялічаная.
  • Ля агароджы зоны магчымага падзеньня сьнегу і лёду на тратуары павінен стаяць дзяжурны ў сыгнальнай камізэльцы і ахоўнай касцы, забясьпечаны сьвістком для папярэджваньня пешаходаў і сыгналізацыі тым, хто працуе на даху.
  • Дзьвярныя праёмы з боку даху, які ачышчаецца ад сьнегу, павінны замыкацца, або ўнутры лесьвічных клетак, арак, брамы павінны выстаўляцца дзяжурныя, каб папярэджваць людзей аб небясьпецы. Калі немагчыма замкнуць дзьверы выхаду з будынка ў той бок даху, які ачышчаецца, павінна быць навешаная павець да мяжы небясьпечнай зоны для абароны пешаходаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG