Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вугоршчына дасьць беларусам «найбольшыя льготы» ў атрыманьні шэнгенскіх візаў


Сьцяг Эўразьвязу ў цэнтры Будапэшту
Сьцяг Эўразьвязу ў цэнтры Будапэшту

Вугоршчына дасьць беларусам «найбольшыя льготы» ў атрыманьні шэнгенскіх візаў. Пра гэта заявіў пасьля падпісаньня дакумэнтаў паміж міністэрствамі замежных спраў Вугоршчыны і Беларусі ў Менску кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Вугоршчыны Петэр Сыярта.

Ён не ўдакладніў, якія канкрэтна льготы меў на ўвазе, але сказаў, што крок Будапэшту ёсьць знакам удзячнасьці Беларусі, якая дазволіла бязьвізавае знаходжаньне грамадзянаў Вугоршчыны на сваёй тэрыторыі.

Акрамя таго, міністар замежных спраў Вугоршчыны, які адначасова зьяўляецца і міністрам вонкавага гандлю, сказаў, што Вугоршчына сёлета адкрывае крэдытную лінію для беларускіх прадпрыемстваў на 64 мільёны даляраў.

Ён дадаў, што ў складзе дэлегацыі Вугоршчыны знаходзіцца генэральны дырэктар самага буйнога фармацэўтычнага прадпрыемства ягонай краіны, і ён разглядае пашырэньне прысутнасьці Вугоршчыны на беларускім мэдыцынскім рынку.

Кіраўнік МЗС Вугоршчыны Петэр Сыярта
Кіраўнік МЗС Вугоршчыны Петэр Сыярта


Паводле міністра, у Магілёве сёлета адкрыецца першае беларуска-вугорскае сельскагаспадарчае прадпрыемства, дзе Вугоршчына прадставіць беларускім аграрыям сваю тэхналёгію вырошчваньня кукурузы.

Беларускі бок, у сваю чаргу, прадасьць у Вугоршчыну двухпавярховыя чыгуначныя вагоны вядомай фірмы Stadler.

Будапэшт выступае за прагматызм

Адказваючы на пытаньне Свабоды пра магчымасьць пашырэньня дачыненьняў Беларусі ня толькі з Вугоршчынай, але і з усім Эўразьвязам, Петэр Сыярта адказаў, што яны заўжды выступалі за прагматычную супрацу з тымі краінамі, якія знаходзяцца за межамі Эўразьвязу

«Гэтую лінію мы праводзілі і ў Эўразьвязе, і ў Вышаградзкай групе, і мы хочам, каб Эўразьвяз вёў больш адкрытую палітыку менавіта з тымі краінамі, якія пакуль не ўваходзяць у гэтую структуру. Мы выступаем за пашырэньне Эўразьвязу і гатовыя працаваць над умацаваньнем праграмы Усходняга партнэрства».

Сьцяг Вугоршчыны, пацярпелы падчас падзеяў 1956 году
Сьцяг Вугоршчыны, пацярпелы падчас падзеяў 1956 году


Вугорскі міністар дадаў, што пры дапамозе санкцый будаваць партнэрства нельга.

«У свой час я пытаўся ў сваіх калег — міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу, чаму мы ня можам дазволіць біятляністам Беларусі закупляць у нас зброю для спартовых спаборніцтваў? Якую шкоду нанясе гэта Эўразьвязу? На маё пытаньне ніхто не адказаў. Але мы прадалі зброю і рады, што беларускія біятляністы дасягнулі з нашай дапамогай вялікіх посьпехаў», — сказаў Сыярта.


Лукашэнка: «Разьлічваем на падтрымку Вугоршчыны ў Эўразьвязе»

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь Петэрам Сыярта заявіў, што Беларусь гатовая разьвіваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Вугоршчынай па ўсіх напрамках.

«Можна казаць, што ў нас ёсьць таваразварот, па годзе ён вагаецца дзесьці ў межах 180-200 млн даляраў. Але давайце скажам адкрыта, што гэта сьмешная лічба, улічваючы нашы патэнцыялы, улічваючы тое, як нашы эканомікі былі ў свой час каапэраваныя. Гэта толькі пачатак. Мы гатовыя па ўсіх напрамках прасоўваць наша гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Як адзначыў Лукашэнка, неабходна ўлічваць сяброўства Беларусі ў Эўразійскім эканамічным саюзе, яе добрыя стасункі з Кітаем і ўдзел у ініцыятыве «Адзін пояс — адзін шлях».

«Ужо цягнік (кантэйнэрныя перавозкі) ходзіць паміж Кітаем і Эўропай, лягістыка выбудаваная. Мы гатовыя тут прадстаўляць вашы інтарэсы. У той жа час мы разьлічваем, што вы як сябра Эўразьвязу, прытым вельмі самастойны, які мае сваю пазыцыю, будзеце нас падтрымліваць», — сказаў Лукашэнка.

Макей спадзяецца на поўную адмену санкцый ЭЗ

Гаворачы пра дачыненьні з Эўрапейскім Зьвязам, міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей адзначыў, што з пункту гледжаньня дыялектыкі колькасьць калісьці пяройдзе ў якасьць.

Кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей
Кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей


«Мы рухаемся наперад у дачыненьнях з Эўразьвязам. І самае галоўнае, што цяпер ёсьць узаемная зацікаўленасьць у пашырэньні гэтых стасункаў. Асабліва гэта для нас важна ў фінансавай сфэры, і нам падабаецца, як мы працуем з Эўрапейскім банкам разьвіцьця і рэканструкцыі. Я хачу заўважыць, што плён у дачыненьнях з Эўразьвязам у нас ужо існуе, і гэта відаць на лічбах, калі экспарт Беларусі ў краіны Эўразьвязу павялічваецца, а ў Расею памяншаецца. Калі год таму экспарт Беларусі ў Расею складаў 45%, то цяпер ён зьнізіўся да 38%. А ў краіны Эўразьвязу з 26% узрос да 31%».

Уладзімір Макей сказаў, што ў кожнай краіне існуюць свае праблемы, але ня трэба гэтыя праблемы вырашаць шляхам санкцый.

«Гэта толькі шкодзіць. Таму мы катэгарычна супраць такога падыходу. Неабходны дыялёг, перамовы, спробы зрабіць нешта добрае паступова. У лютым Эўразьвяз вернецца да тэмы санкцый для Беларусі, і мы спадзяёмся, што новыя рашэньні наконт нашай краіны ня будуць такімі жорсткімі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG