18-гадовая грамадзянка Саудаўскай Арабіі Рахаф Мухамад аль-Кунун атрымала прытулак у Канадзе, гэта пацьвердзіў журналістам прэм’ер краіны Джастын Трудо. Паводле AP, дзяўчына ўвечары ў суботу ўжо прыляцела ў Канаду.
«Канада заўсёды займала недвухсэнсоўную пазыцыю, якая выяўляецца ў тым, што мы абараняем правы жанчын па ўсім сьвеце. Таму калі да нас зьвярнуліся прадстаўнікі ААН з просьбай даць прытулак дзяўчыне — мы адгукнуліся на яе», — заявіў канадзкі прэмʼер.
У жніўні 2018 г. паміж Канадай і Саудаўскай Арабіяй адбыўся буйны дыпляматычны канфлікт. Канадзкія ўлады выказалі пратэст супраць арышту дзьвюх саудаўскіх жанчын-актывістак — Самар Бадаві (Samar Badawi) і Насімы аль-Садах (Nassima al-Sadah) — і запатрабавалі іх вызваліць. У адказ улады Саудаўскай Арабіі заявілі, што «ня ўмешваюцца» ва ўнутраныя справы іншых краінаў, уключаючы Канаду, і таму не трывацьмуць умяшаньня іншых краінаў у свае ўнутраныя справы і ў пытаньні ўзаемадзеяньня з уласнымі грамадзянамі. Эр-Рыяд прапанаваў канадзкаму амбасадару пакінуць краіну цягам 24 гадзінаў ды замарозіў новае гандлёвае пагадненьне і канадзкія інвэстыцыі ў краіну.
Аднак улады Канады адмаўляюць, што Рахаф аль-Кунун атрымала прытулак у Канадзе толькі на хвалі гэтага канфлікту.
Аль-Кунун уцякла з Кувэйту, дзе яна адпачывала зь сямʼёй, 5 студзеня. Яна мела аўстралійскую візу і менавіта ў гэтую краіну мерылася зьехаць ад сваёй сямʼі. Яна ўзяла квіток у Аўстралію з транзытам праз Тайлянд. Але калі яе самалёт прызямліўся ў Бангкоку, пашпарт Рахаф падманам забраў нібыта на праверку супрацоўнік саудаўскай амбасады. Пасьля гэтага ён заявіў аль-Кунун, што яе саудаўская сямʼя ня згодная з паездкай і яна мусіць вярнуцца ў Кувэйт.
У адказ дзяўчына забарыкадавалася ў пакоі гатэлю ў Бангкоку і адмаўлялася выходзіць, патрабуючы сустрэчы з прадстаўнікамі ААН. Адначасова вяла трансьляцыю ў сацсетках, апавядаючы пра сябе і просячы дапамогі. Сьцьвярджала, што калі вернецца дадому, ёй пагражае сьмерць, бо яна выраклася ісламу, што ў Саудаўскай Арабіі ёсьць сурʼёзным злачынствам. Таксама яна распавядала, што сямʼя моцна абмяжоўвала яе свабоду і зьбіралася выдаць замуж супраць яе волі.
Праз амаль содні перамоваў улады Тайлянду абвясьцілі, што Рахаф ня будзе выдадзеная ў родную краіну або Кувэйт, і дзяўчына пакінула аэрапорт пад аховай прадстаўнікоў агенцтва ААН у справах уцекачоў.
У Саудаўскай Арабіі правы жанчын моцна абмежаваныя. Многія рашэньні за жанчын у краіне прымаюць мужчыны-апекуны, жанчынам не дазволена самастойна абіраць працу, а таксама падарожнічаць. Толькі ў траўні 2017 кароль Салман дазволіў жанчынам самастойна карыстацца дзяржаўнымі паслугамі (у тым ліку, сыстэмамі аховы здароўя і адукацыі), а ў верасьні 2017 жанчынам было дазволена кіраваць машынай.