Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭБРР у ​​2018 годзе ўклаў у эканоміку Беларусі 360 мільёнаў эўра


Архіўнае фота. Падчас прэс-канфэрэнцыі ЭБРР у Менску. 7 чэрвеня 2018 году

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) у 2018 годзе прафінансаваў у Беларусі 21 праект на суму больш як 360 млн эўра, паведаміў журналістам кіраўнік прадстаўніцтва банку ў Беларусі Аляксандар Піваварскі, паведамляе БелТА.

Паводле папярэдніх разьлікаў, Беларусь па выніках году ўвойдзе ў топ-10 самых актыўных краінаў з 38, дзе праводзіліся апэрацыі банку.

«Мінулы год быў самым пасьпяховым за ўсю гісторыю працы банку ў Беларусі», — сказаў Піваварскі.

Сярод ключавых пэрспэктыўных праектаў банку ў Беларусі ён назваў пілётны праект мадэрнізацыі жылых дамоў для павышэньня іх энэргаэфэктыўнасьці.

У 2018 годзе каля 2/3 усяго аб’ёму апэрацый банку ў Беларусі прыпала на прыватны сэктар, астатняе — на дзяржаўны. Гэтай прапорцыі банк мае намер прытрымлівацца і надалей, адзначыў кіраўнік прадстаўніцтва ЭБРР у Беларусі.

У прыватнасьці, у 2018 годзе крэдыт памерам 84 млн эўра быў выдзелены «Менскводаканалу», 5 млн эўра — кампаніі, якая займаецца цьвёрдымі адходамі ў Пухавіцкім і Чэрвеньскім раёнах Менскай вобласьці, 42 млн эўра — на завяршэньне рэканструкцыі МКАД-2.

ЭБРР падтрымаў разьвіцьцё аднаўляльнай энэргетыкі ў Беларусі, прафінансаваў будаўніцтва і ўвод у эксплюатацыю чатырох біягазавых ЦЭЦ у Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцях, запусьціў плян дзеяньняў «Зялёны горад» для Менску, які дапаможа вызначыць захады і напрамкі інвэстыцый для вырашэньня прыярытэтных экалягічных праблем.

Урад Беларусі і ЭБРР падпісалі мэмарандум аб узаемаразуменьні датычна перадпрыватызацыйнага садзейнічаньня для ААТ «Крыніца» ў 2018-2020 гадах.

ЭБРР — міжнародны банк, які садзейнічае разьвіцьцю прыватнага сэктару і прадпрымальніцкай ініцыятывы ў 38 краінах на трох кантынэнтах. Акцыянэрамі банку зьяўляюцца 67 краін, а таксама Эўразьвяз і Эўрапейскі інвэстыцыйны банк. У цэлым з пачатку сваёй дзейнасьці ў Беларусі ў 1992 годзе ЭБРР інвэставаў звыш 2,4 млрд эўра ў 115 праектаў у розных галінах эканомікі краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG