Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы ізраільскі міністар адсядзіць 11 гадоў за шпіянаж на карысьць Ірана

Гонэн Сэгеў (у блакітнай кашулі).
Гонэн Сэгеў (у блакітнай кашулі).

Былы міністар энэргетыкі Ізраіля Гонэн Сэгеў прызнаў сябе вінаватым у шпіянажы на карысьць Ірана. Ён заключыў дасудовую зьдзелку са сьледзтвам, згодна зь якой будзе прысуджаны да 11 гадоў турэмнага зьняволеньня. Суд павінен зацьвердзіць гэта пагадненьне ў лютым, паведамляе newsru.co.il.

Па дадзеных сьледзтва, былы ізраільскі міністар быў завэрбаваны афіцэрам іранскай выведкі, які працаваў пад прыкрыцьцём у пасольстве Ірана ў Нігерыі, у 2012 годзе. Сэгеў у гэты час жыў у Нігерыі. Пасьля вярбоўкі палітык двойчы наведваў Іран, нягледзячы на тое, што грамадзян Ізраіля не пускаюць у гэту краіну.

Каб атрымаць інфармацыю, якая была цікавая куратарам у іранскай выведцы, Сэгеў падтрымліваў кантакты з ізраільцянамі, якія маюць дачыненьне да спэцслужбаў, абароны і дыпляматыі. Ніякіх важных дадзеных яму перадаць не ўдалося, сьцьвярджаюць спэцслужбы краіны.

  • Сэгеў быў абраны ў ізраільскі парлямэнт дэпутатам ад правай партыі «Цомэт» у 1992 годзе. У 1995 годзе ён стаў міністрам энэргетыкі і інфраструктуры ва ўрадзе Іцхака Рабіна.
  • У 2003 годзе Сэгеў зьняў у Ганконгу 20 387 шэкеляў са сваёй банкаўскай карткі і заявіў, што карта была скрадзеная. Яму пагражалі 3 месяцы турмы за махлярства. У 2004 годзе ён быў арыштаваны за спробу правезьці ў Ізраіль 32 тысячы таблетак экстазі. Былы міністар заявіў, што быў упэўнены, што вязе цукеркі M&M’s. Пры затрыманьні Сэгеў спрабаваў пазьбегнуць агляду з дапамогай перапісанага алоўкам дыпляматычнага пашпарта. У 2005 годзе ён быў асуджаны на 5 гадоў турмы, але адпушчаны на волю ў 2007 годзе.
  • Іран на афіцыйным узроўні не прызнае права на існаваньне Ізраіля як дзяржавы.
XS
SM
MD
LG