Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юбілей кубінскай рэвалюцыі сьвяткавалі на могілках. Атмасфэра на востраве не сьвяточная


Рауль Кастра каля магілы брата — Фідэля Кастра.
Рауль Кастра каля магілы брата — Фідэля Кастра.

1 студзеня, калі ў Беларусі адзначалі 100-годзьдзе заснаваньня БССР, на Кубе сьвяткавалі 60-годзьдзе рэвалюцыі. Урачыстасьць з удзелам вэтэранаў прайшла на могілках, дзе пахаваны Фідэль Кастра. Але кубінцам не да сьвята.

1. Эканамічная сытуацыя на высьпе ў марным стане. Нягледзячы на спробы ініцыяваць сямейнае прадпрымальніцтва, цягам 2015–2017 гадоў колькасьць такіх фірмаў вырасла на 1%, то бок стаіць на месцы. Каб вярнуцца ў стан 1991 году, яна павінна расьці на 6% у год.

2. Замежны гандаль за апошнія чатыры гады зьменшыўся на 25%. Кароткае ажыўленьне замежных інвэстыцыяў, калі Барак Абама аднавіў дыпляматычныя дачыненьні, завяршылася пасьля таго, як Дональд Трамп аднавіў абмежаваньні на пераказы замежнай валюты і гандлёвыя адносіны з Кубай.

3. Пастаўкі вэнэсуэльскай нафты, якую Куба 18 гадоў атрымлівала таньней за рынкавыя цэны, зьменшыліся амаль напалову праз крызіс у Вэнэсуэле.

4. Куба імпартуе 81% неабходнага харчаваньня, большасьць сыравіны і тэхнічнага абсталяваньня.

Рауль Кастра і вэтэраны рэвалюцыі 1959 году
Рауль Кастра і вэтэраны рэвалюцыі 1959 году

5. Куба зарабляе каля 11 млрд даляраў штогод на экспарце дзясяткаў тысячаў лекараў і вайсковых спэцыялістаў у некалькі дзясяткаў краін сьвету. Аднак новы прэзыдэнт Бразыліі нядаўна выгнаў некалькі тысячаў кубінскіх лекараў, якія прыносілі Кубе даход.

6. Ад 2015 году расьце замежны доўг, які сёньня складае каля 18 млрд даляраў. Куба не вяртае пазыкаў.

7. У рэйтынгу даступнасьці інтэрнэту Куба на 166-м месцы са 176 дзяржаваў.

8. Міністар эканомікі краіны Алехандра Хіль Фэрнандэс ужо заявіў, што сёлета жыхарам вострава давядзецца жыць больш эканомна.

Узброеная барацьба за ўладу на Кубе паміж рухам на чале зь Фідэлем Кастра супраць аўтарытарнага рэжыму Фульхэнсіё Батысты пачалася 26 ліпеня 1953 году і эпізадычна працягвалася да перамогі паўстанцаў 1 студзеня 1959 году, якія памянялі дзяржаўны лад Кубы на сацыялістычную рэспубліку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG