Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія валянтэры шукаюць зьніклую пэнсіянэрку, міліцыя далучылася толькі на пятыя суткі


Улёткі з фота зьніклай Вольгі Лазарэнкі, расклееныя па Віцебску

Жыхары Віцебску самаарганізаваліся для пошуку жанчыны з хваробай Альцгеймэра, не чакаючы дапамогі міліцыі.

63-гадовая жыхарка Віцебску Вольга Лазарэнка пакутуе ад расстройства памяці. Яна пайшла з дому раніцай 4 студзеня і дагэтуль не вярнулася. Пра гэта паведаміла ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» яе дачка.

Старонка Ганны Лазарэнкі ператварылася ў каардынацыйную пляцоўку для валянтэраў: віцябляне стварылі некалькі пошукавых груп і абышлі ці аб’ехалі практычна ўвесь горад.

Групы накіроўваліся ў месцы, дзе, паводле паведамленьняў у сацыяльных сетках, зьніклую жанчыну бачылі. Некалькі разоў абшукалі вакзалы, цэрквы і прытулкі, дзе магла апынуцца зьніклая, хаваючыся ад маразоў. Расклейвалі абвесткі, раздрукаваныя такімі самымі валянтэрамі; карыстаючыся асабістымі знаёмствамі, дамагаліся прагляду камэр назіраньня ў гандлёвых цэнтрах. Ня ўсе пагаджаліся дапамагчы ім. Кіраўніцтва трамвайна-тралейбуснага парку адмовілася разьмяшчаць абвесткі ў транспарце без аплаты або без распараджэньня міліцыі.

Абвестка ў «Фэйсбуку» на старонцы ПВА «Анёл»

Паводле дачкі зьніклай, міліцыя прыняла яе заяву, але рэальна далучылася да пошуку толькі 8 сьнежня. Ні ў навінах, ні ў зводках віцебскай міліцыі за апошнія дні інфармацыі пра здарэньне няма.

Зьвесткі пра зьніклую перадалі пошукава-выратавальнаму атраду «Анёл» і журналістам мясцовых СМІ. Але ўсе высілкі пакуль не далі плёну, пошукі зьніклай пэнсіянэрку, якая мае хваробу Альцгеймэра і ня можа самастойна арыентавацца на вуліцы, працягваюцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG