Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам прайграў забудоўніку «Брамы Менску» справу ў Вярхоўным судзе


Прывакзальная плошча з «Брамай Менску». Фота: ©Shutterstock
Прывакзальная плошча з «Брамай Менску». Фота: ©Shutterstock

Судовая калегія ў эканамічных справах Вярхоўнага Суду не задаволіла касацыйнай скаргі Менгарвыканкаму.

Кампанія-забудоўнік «Брамы Менску» абвінаваціла Менгарвыканкам, які ня даў дазволу на будаўніцтва шматпавярховіка ў квартале вуліц Кірава —Сьвярдлова — Ульянаўская — Бабруйская, у бязьдзеяньні. Суд скаргу чыноўнікаў не задаволіў.

У канцы 2014-га кампанія ААТ «10УНР» купіла на аўкцыёне за 270 тысяч даляраў права праектаваньня і забудовы ўчастка зямлі за «Брамай Менску», на якім зьбіралася пабудаваць сяміпавярховы дом павышанай камфортнасьці. Пляны забудоўніка выклікалі пратэсты мясцовых жыхароў і гарадзкіх актывістаў.

У выніку пратэстаў Менгарвыканкам адмовіўся ад плянаў забудовы «Брамы Менску» і не працягнуў акт выбару зямельнага ўчастку. У верасьні 2015 году вырашана адкарэктаваць праект дэталёвага плянаваньня і выключыць зь яго ўчастак для забудовы.

Забудоўнік вырашыў, што ягоныя правы парушаныя бязьдзейнасьцю Менгарвыканкаму, які ня даў дазволу на працяг будаўніцтва, і зьвярнуўся ў суд. Судовы разбор цягнуўся ў гарадзкім эканамічным судзе з 2016 году і ў 2018-м дайшоў да Вярхоўнага суду, які 26 сьнежня 2018 году прыняў рашэньне на карысьць «10УНР».

ААТ «10УНР» павінна атрымаць грашовую кампэнсацыю альбо новы зямельны ўчастак.

Што да пэрспэктываў забудовы «Брамы Менску», то Генплянам Менска 2015 году не прадугледжана ўшчыленьне забудовы ў гэтым месцы. Да таго ж у жніўні 2018-га зацьверджаны праект зонаў аховы гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, якім забараняецца «ўзьвядзеньне будынкаў і збудаваньняў без адпаведнасьці пляніровачных рашэньняў гістарычнаму праекту забудовы кварталу 1947 — 1952 гадоў», паведамяе таварыства «Горад для гараджанаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG