Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ЗША панізілі статус прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Вашынгтоне. Потым перадумалі

Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на фоне сьцягу Эўразьвязу
Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на фоне сьцягу Эўразьвязу

Адміністрацыя прэзыдэнта Дональда Трампа панізіла дыпляматычны статус прадстаўніцтва Эўрапейскага зьвязу ў ЗША, афіцыйна не паведаміўшы пра гэта Брусэлю. Гэтую інфармацыю 8 студзеня пацьвердзіў Deutsche Welle прадстаўнік ЭЗ, падкрэсьліўшы, што гэты крок «ня быў добра ўспрыняты» кіраўніцтвам Эўразьвязу і што афіцыйны адказ Эўразьвязу на зроблены захад яшчэ абмяркоўваецца.

Пазьней 8 студзеня ананімныя крыніцы ў Эўразьвязе паведамілі брусэльскай студыі Deutsche Welle, што паніжэньне прадстаўніцтва ЭЗ было адмененае ў выніку двухбаковых перамоваў у сьнежні.

Паніжэньне рангу місіі (з дыпляматычнага статусу дзяржавы-чальца да ўзроўню міжнароднай арганізацыі), відаць, адбылося ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада 2018 году, мяркуюць дыпляматы. Менавіта ў гэты пэрыяд супрацоўнікі прадстаўніцтва зьвярнулі ўвагу на тое, што кіраўнік місіі не атрымаў запрашэньня на шэраг падзеяў, якія праходзілі ў Вашынгтоне.

Пра фактычную зьмену статусу дыпляматы даведаліся пасьля звароту да арганізатараў пахаваньня былога прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша-старэйшага ў сьнежні мінулага году.

У Дзярждэпартамэнце ЗША на запыт супрацоўнікаў місіі Эўразьвязу адказалі, што «забыліся паведаміць» ім, і патлумачылі, што «прынялі адпаведнае рашэньне, паколькі кіраўнік пратакольнай службы палічыў яго мэтазгодным». Паводле пратаколу, пра такія крокі трэба паведамляць загадзя і ў пісьмовым выглядзе.

На думку прадстаўніка адной з краін Эўразьвязу ў Вашынгтоне, «гаворка ідзе ня проста аб пратакольным пытаньні, у яго ёсьць відавочны палітычны матыў».

ЗША летась у сакавіку павялічылі мыты на сталь і алюміній з Эўропы, Канады і Мэксыкі. ЭЗ у адказ увёў штрафныя мыты на амэрыканскія тавары. У Эўрасаюзе пры гэтым заяўлялі пра гатоўнасьць да вырашэньня гандлёвага канфлікту, паколькі ён пагражае ўсёй сусьветнай эканоміцы.

Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Вашынгтоне дзейнічае ад 1965 году. Сёньня ў ім працуюць прыкладна 90 супрацоўнікаў, у тым ліку каля 30 эўрапейскіх дыпляматаў.

XS
SM
MD
LG