Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Індыі — сутыкненьні з прычыны наведваньня храма жанчынамі «мэнструальнага ўзросту»


Пратэстоўцы падпальваюць ляльку кіраўніка штату Керала Пінараі Віджаяна 2 студзеня 2019 году
Пратэстоўцы падпальваюць ляльку кіраўніка штату Керала Пінараі Віджаяна 2 студзеня 2019 году

У штаце Керала на поўдні Індыі працягваюцца сутыкненьні радыкальна настроеных індуістаў з паліцыяй. Іх прычынай стала адмена забароны на ўваход жанчын у адзін з храмаў.

У пятніцу праваахоўныя органы паведамілі, што насуперак пратэстам на тэрыторыю храма ў Сабарымале зайшла яшчэ адна, ужо трэцяя, жанчына. Да 1 студзеня 2019 году ўваход у адзін з галоўных індуісцкіх храмаў быў забаронены жанчынам ва ўзросьце ад 10 да 50 гадоў.

Індыйскія праваахоўныя органы пацьвердзілі ў пятніцу, што на тэрыторыю храма прапусьцілі 46-гадовую грамадзянку Шры-Ланкі. Яна стала трэцяй жанчынай, якой дазволілі памаліцца ў сьвятыні, нягледзячы на тое што ахова комплексу спрабавала спыніць яе каля ўваходу.

У сувязі з адменай забароны на наведваньне храма для жанчын у «мэнструальным узросьце» (згодна з правіламі храма, гэта ад 10 да 50 гадоў), па ўсёй Індыі праходзяць пратэсты радыкальна настроеных індуістаў. Самага вялікага напалу мітынгі дасягаюць у штаце Керала, дзе знаходзіцца раней забароненая для многіх жанчын сьвятыня.

Паведамляецца аб затрыманьні больш за 1300 чалавек толькі ў гэтым рэгіёне. Пратэстоўцы падпалілі некалькі мясцовых аддзяленьняў індыйскай кіруючай партыі. Таксама вядома аб пашкоджаньні каля сотні аўтобусаў грамадзкага транспарту падчас мітынгаў.

У выніку сутыкненьняў загінуў адзін чалавек.

1 студзеня ўпершыню за некалькі стагодзьдзяў дзьвюм жанчынам удалося ўвайсьці ў храм — сьвятыню Сабарымала — і памаліцца. У той самы дзень у Індыі жанчыны сталі ў жывы ланцуг даўжынёй 620 кілямэтраў. Так яны выступілі ў падтрымку гендэрнай роўнасьці. Паводле ацэнак уладаў, у акцыі ўзялі ўдзел больш за пяць мільёнаў чалавек.

Доўгі час жанчынам ва ўзросьце ад 10 да 50 гадоў забаранялі ўваход у храм. У верасьні Вярхоўны суд Індыі афіцыйна зьняў забарону, рашэньне ўступіла у сілу 1 студзеня 2019 году. Раней жанчын, якія спрабавалі ўвайсьці ў храм, паломнікі-мужчыны закідвалі камянямі і палкамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG