Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі суд пакараў за недастачу 47000 бутэлек гарэлкі. Самой гарэлкі не знайшлі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Суд абавязаў былую загадчыцу складоў гомельскага заводу «Радамір» сплаціць 230 тысяч рублёў за гарэлку, якая зьнікла.

У лістападзе 2017 году Гомельскі лікёра-гарэлачны завод «Радамір» выявіў прапажу 47 тысяч бутэлек гарэлкі. Пошукі скончыліся крымінальнай справай і грамадзянскім пазовам.

Недастачу ў 265 тысяч рублёў прадпрыемства спаганяла праз суд з былой загадчыцы складоў Натальлі Гарыцкай і яе калег — кладаўшчыкоў і грузчыкаў.

4 студзеня суд Цэнтральнага раёна Гомля вынес рашэньне спагнаць з былой загадчыцы складоў 230 тысяч рублёў (суму шкоды, зьніжаную з улікам матэрыяльнага становішча Гарыцкай) і 11 тысяч судовых выдаткаў. Астатнія пазваныя ў справе — былыя кладаўшчыцы і грузчыкі — вызваленыя ад выплат.

Дзе гарэлка, суд ня высьветліў

Гомельскі лікёра-гарэлачны завод «Радамір», архіўнае фота
Гомельскі лікёра-гарэлачны завод «Радамір», архіўнае фота

​Куды падзеліся 47 тысяч бутэлек гарэлкі, дагэтуль невядома. Яе шукаюць праваахоўныя органы, якія зноў распачалі крымінальную справу.

У судзе так і не высьветлілі, калі ўтварылася недастача гарэлкі, як і тое, хто мог яе скрасьці ці выпіць.

Судзьдзя прыняў рашэньне лічыць пэрыяд узьнікненьня недастачы з 2010 году — менавіта тады загадчыцай складоў пачала працаваць Натальля Гарыцкая.

Былая загадчыца складоў заявіла на судзе, што ня брала гарэлкі і ня ведае, дзе яна падзелася. Недастачу яна заўважыла яшчэ ў 2013 годзе, моцна спалохалася адказнасьці, узяла крэдыт на сябе і сваякоў на суму 300 мільёнаў рублёў (да дэнамінацыі) і пагашала недастачу. Але тая працягвала расьці, а фінансавыя магчымасьці загадчыцы складоў не дазвалялі ёй зноў і зноў «латаць дзіркі».

«Калі б пазваная своечасова выявіла недастачу і не пачала яе ўтойваць тымі спосабамі, якімі яна гэта рабіла, не пагашала шкоду, пэрыяд недастачы быў бы выяўлены. А так пэрыяд будзе лічыцца з моманту прыняцьця загадчыцы складоў на працу ў 2010 годзе», — патлумачыў пры вынясеньні рашэньня судзьдзя Андрэй Цалуйка.

Інвэнтарызацыя не праводзілася, пляшкі не лічылі

Натальля Гарыцкая заявіла, што ня лічыць сябе вінаватай і будзе абскарджваць рашэньне суду.

«Адзінае, што мяне радуе, — што мае калегі не панесьлі матэрыяльнай адказнасьці, бо яны рэальна невінаватыя. Уявіце, пад якім цяжарам мне прыйшлося б жыць, каб мае былыя падначаленыя, якія зусім ні пры чым, панесьлі матэрыяльную адказнасьць. Навошта мне такі грэх на душу браць? Я хаця б адказвала за склады, а яны? Праблема ва ўліку, што бугальтэрыя не лічыла склады, дзе захоўвалася гарэлка, інвэнтарызацыя не праводзілася, камісія прыедзе — паходзяць, ды і ўсё. Пераліку не было», — патлумачыла былая загадчыца складоў.

Яна з былымі калегамі спадзяюцца, што крымінальная справа, якую зноў распачалі сьледчыя, дапаможа знайсьці адказы на пытаньне, дзе падзеліся 47 тысяч бутэлек гарэлкі.

Прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка прадстаўляў інтарэсы былой загадчыцы складоў і кладаўшчыц у судзе.

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

«Калі б пры выяўленьні недастачы ў 2013 годзе Натальля не спалохалася, не пачала самастойна пагашаць яе, браць крэдыты, а праінфармавала начальства, і тады б пачалі пошукі гэтай гарэлкі — была б іншая справа. Добры момант у гэтай справе той, што іншым пазваным — кладаўшчыцам, грузчыкам — не давядзецца плаціць недастачу», — зазначыў праваабаронца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG