Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны доўг ЗША за гады прэзыдэнцтва Трампа павялічыўся


Ілююстрацыйнае фота. Будынак Міністэрства фінансаў ЗША

Дзярждоўг ЗША за два гады прэзыдэнцтва Дональда Трампа павялічыўся больш, чым на два трыльёны даляраў. Да канца 2018 году ён склаў амаль 22 трыльёны. Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на дадзеныя Міністэрства фінансаў ЗША.

Тэлеканал нагадвае, што падчас перадвыбарнай кампаніі Трамп абяцаў скараціць дзяржаўны доўг на працягу васьмі гадоў — за два прэзыдэнцкія тэрміны. Ён сьцьвярджаў, што рэформы, якія ён правядзе, і перагляд гандлёвых дамоваў прывядуць да росту эканомікі. Гэта павінна было дазволіць аплаціць доўг наяўнымі сродкамі.

Крыніцы CNN сьцьвярджаюць, што Трамп сур’ёзна занепакоены праблемай дзярждоўгу і запатрабаваў ад усіх міністэрстваў скарачэньня бюджэту на пяць адсоткаў.

За час васьмігадовага прэзыдэнцкага праўленьня Барака Абамы дзярждоўг ЗША вырас на дзевяць трыльёнаў даляраў і склаў амаль 20 трыльёнаў.

Белы дом падлічыў страты ад «шатдаўна»

Тым часам Белы дом ацаніў страты эканомікі ЗША з прычыны часовага прыпыненьня працы фэдэральнага ўраду. Як паведамляе Bloomberg, аб’ём вытворчасьці ў краіне будзе скарачацца на 0,1 адсотка кожныя два тыдні. У трэцім квартале мінулага году рост ВУП склаў больш за тры адсоткі. Чакаецца, што ў чацьвёртым квартале рост замарудзіцца праз павелічэньне дэфіцыту гандлёвага балянсу.

22 сьнежня Белы дом у трэці раз за год абвясьціў аб частковым прыпыненьні працы фэдэральнага ўраду — «шатдаўна». Заканадаўцам не ўдалося дамовіцца аб фінансаваньні будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай, на якім настойвае Дональд Трамп. Прэзыдэнт ЗША лічыць, што Кангрэс павінен вылучыць больш за пяць мільярдаў даляраў на пачатковы этап праекту. Супраць гэтага выступаюць дэмакраты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG