Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пустэльнікі на краі сьвету: як людзі выжываюць на Чукотцы


Анадыр, Чукотка, Расея

Анадыр — сталіца Чукоткі і самы ўсходні горад Расеі. Да Масквы адсюль 6200 км, а першыя рэгулярныя прамыя рэйсы са сталіцы на Чукотку пачаліся толькі ў 1984 годзе. Жыць тут няпростае, і прырода быццам выштурхвае адсюль людзей, намякаючы на тое, што яны лішнія — піша ў сваім рэпартажы «Настоящее время».

Субарктычны клімат азначае, што на Чукотцы заўсёды моцны вецер (да 80 мэтраў у сэкунду). Куды б ты ні ішоў, здаецца, што ён увесь час дзьме ў твар. Праз вільготнасьць 20 градусаў марозу адчуваюцца як 40, і пры такім надворʼі ўсе сьпяшаюцца хутчэй апынуцца ў памяшканьні: дома, у краме або на працы. Сьветлавы дзень у сьнежні ў Анадыры доўжыцца крыху больш за чатыры гадзіны.

У васьмідзесятыя гады на Чукотцы жыло ў тры разы больш народу, каля 150 тысяч чалавек. У дзевяностых многія зьехалі. Зараз на ўсёй Чукотцы засталося толькі каля 50 тысяч жыхароў. Чукчы складаюць каля чвэрці, рускія — палову, яшчэ па некалькі адсоткаў прыпадае на іншыя паўночныя народнасьці: эскімосаў, чуванцаў, эвенаў.

Траціна насельніцтва акругі жыве ў сталіцы Чукоткі, у Анадыры. Пасёлак быў заснаваны ўсяго 130 гадоў таму, а статус гораду атрымаў толькі ў 1965-м. Менавіта тады на зьмену драўляным баракам прыйшлі панэльныя пяціпавярхоўкі, якія ва ўмовах вечнай мерзлаты ўзводзілі на свях. Сёньня вакол Анадыра шмат кінутых пасёлкаў. У дамы там часта залазяць мядзьведзі — адлежацца, ведаючы, што ім ніхто не перашкодзіць.

*****

«Да 90-х гадоў, у савецкі пэрыяд, была негалосная пазыцыя, што працоўнае насельніцтва прыяжджае на Чукотку працаваць да пэнсіі, а потым зьяжджае. І выпрацавалася ўстойлівае меркаваньне, што на Чукотцы жыць нельга» — заўважае краязнаўца і пісьменьнік Яўген Басаў.

Сам ён мясцовы ўжо ў трэцім пакаленьні і адзін з нямногіх, хто зьяжджаць не зьбіраецца. Басаў — актыўны падарожнік і краязнаўца: езьдзіць па ўсёй Чукотцы, фатаграфуе яе і распавядае пра яе тым, хто сам наўрад ці зможа ўбачыць гэты незвычайны край.

Яўген Басаў
Яўген Басаў

Але такіх, як ён, няшмат. Большасьць марыць пра адʼезд і спакойнае жыцьця на мацерыку.

Сёньня каля 80% тых, хто жыве на Чукотцы, працуюць у бюджэтнай сфэры. І хаця заробкі, пэнсіі і дапамогі на Чукотцы індэксуюцца ў падвойным памеры (так званыя «паўночныя»), цэны ў крамах такія, што нават стоадсоткавыя надбаўкі не дапамагаюць. З мясцовых прадуктаў на Чукотцы ёсьць толькі рыба, аленіна і ягады, а ўсё астатняе завозіцца сюды караблямі, і то толькі ў кароткі пэрыяд навігацыі.

Альбіна Малярэнка прыехала на Чукотку больш за паўстагодзьдзя таму — па разьмеркаваньні пасьля ВНУ. Яна плянавала адпрацаваць тэрмін і вярнуцца ў родную Чыту. Але ў выніку прапрацавала правізарам у чукоцкай аптэцы ўсё жыцьцё.

Альбіна Малярэнка
Альбіна Малярэнка

«Ніхто не хацеў ехаць, — прызнаецца яна. — Усе плакалі! А нам заўсёды было весела, думалі: „Ну і што? Падумаеш! На Поўнач, дык на Поўнач“. Але мы не ўяўлялі, якое тут жыцьцё. Напрыклад, што тут прыяжджаеш, а адпачынак толькі праз тры гады».

Альбіна ўспамінае, што вецер у Анадыры быў такой сілы, што ў яе вырывала з рук маленькіх дзяцей. І гэта была не адзіная праблема:

«З харчаваньнем было — ох і ах — скардзіцца жанчына. — Параходам прывозілі ўсё, і якасьць было ня вельмі».

Чукотка адабрала ў Альбіны мужа і аднаго з сыноў. І зараз, скончыўшы працаваць і выйшаўшы на пэнсію, жанчына зразумела, што вельмі хоча зьехаць.

Марына Кайгародава, начальнік мэтэастанцыі М-2 «Анадыр» (менавіта яна дакладвае ў Гідраметцэнтар пра надворʼе на Чукотцы), кажа, што любіць сваю працу і гатовая застацца на Поўначы яшчэ гадоў на дзесяць. Але прызнае, што ўмовы працы на станцыі больш чым экстрэмальныя. Моцны вецер зімой — гэта абмарожаныя рукі і твары. Прадукты на станцыю прывозяць толькі раз у год, і звычайна іх не хапае. Вады тут таксама няма: ні вадаправоднай, ні калодзежнай, таму што вечная мерзлата. Яе таксама прывозяць толькі раз на месяц.

Марына Кайгародава
Марына Кайгародава

«Душа няма, дома мыемся ў тазіках» — сьмяецца над бытавымі ўмовамі адна з яе каляжанак-мэтэаролягаў.

«Я з Навасібірскай вобласьці — распавядае Кайгародава. — Сюды па разьмеркаваньні трапіла. Калі мяне разьмяркоўвалі і сказалі: „Анадыр“ — у мяне наогул ніякіх эмоцый не было, я не ведала, што гэта такое, — прызнаецца яна. — у першы час пачуцьці былі такія, што хацелася зьехаць адсюль. Асабліва ў першы год. А потым прызвычаілася».

«Бываюць моцныя ветры, 35-40 мэтраў у сэкунду, і для гэтага ў нас канат нацягнуты на мэтэапляцоўцы: мы ходзім, трымаючыся за яго — распавядае Кайгародава. — І там ужо арыентуемся па сваіх прыборах. Дзе будкі, мы ўжо ведаем. Аднойчы ў нас быў зафіксаваны вецер 60 мэтраў у сэкунду: у нас нават прыбор для вымярэньня моцы ветру не вытрымаў — зламаўся».

Аснова чукоцкай эканомікі — горназдабыўная прамысловасьць. Два галоўных выкапняў — вугаль і золата. Карэнным народам Чукоткі яшчэ можна рабіць тое, што ўсім астатнім строга забараняецца: паляваць і лавіць рыбу. А самы шанаваны чалавек у найноўшай гісторыі Чукоткі — алігарх і былы губэрнатар Раман Абрамовіч.

«У 1999 годзе, калі ён прыйшоў на Чукотку ў якасьці дэпутата Дзярждумы, у сёлах людзі галадалі: проста прадуктаў не было. У краме з прадуктаў быў толькі воцат» — прыгадвае Басаў.

Абрамовіча на Чукотцы да гэтага часу называюць чараўніком, які зрабіў цяжкае жыцьцё крыху лягчэй і паказаў, што ўлада можа быць карыснай. Менавіта пры ім шэры і аблуплены Анадыр быў размаляваны яскравымі фарбамі і вялізнымі карцінамі.

Але потым Абрамовіч зьнік гэтак жа нечакана, як і зьявіўся: вось ужо шмат гадоў ён жыве ў Лёндане. Чукоткай 10 гадоў кіруе новы губэрнатар. Але ён, як заўважае Басаў, нават не жыве на Поўначы стала, а прыяжджае ў кіраваны ім рэгіён толькі ў камандзіроўкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG