Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Украіны дэпартуюць грамадзяніна Беларусі — за прарасейскую дзейнасьць


Служба бясьпекі Ўкраіны дэпартуе грамадзяніна Беларусі Паўла Карназыцкага, які распаўсюджваў антыўкраінскую прапаганду на ўкраінскай тэрыторыі, з далейшай забаронай на тры гады наведваць Украіну.

Супрацоўнікі СБУ ўстанавілі, што ён жыў ва Ўкраіне нелегальна і публічна распаўсюджваў фэйкавую інфармацыю. «У прыватнасьці, падчас выступаў на некаторых тэлевізійных каналах ён ставіў пад сумнеў прызнаныя міжнароднай супольнасьцю доказы прысутнасьці войскаў краіны-агрэсара на часова акупаваных тэрыторыях нашай краіны», — паведамілі Свабодзе ў СБУ.

Паводле зьвестак СБУ, Павал Карназыцкі таксама «неаднаразова публікаваў антыўкраінскія матэрыялы на мэдыярэсурсах, падкантрольных тэрарыстычным арганізацыям „ДНР“ і „ЛНР“». «Дзейнасьць падобных праплачаных Расеяй прапагандыстаў уяўляе пагрозу ня толькі нацыянальным інтарэсам Украіны, але і супярэчыць заканадаўству краіны іх паходжаньня», — заявіў кіраўнік СБУ Васіль Грыцак.

Адвакат беларускага грамадзяніна Андрэй Даманскі ўдакладніў, што Паўла Карназыцкага затрымалі сёньня ўдзень, але пазбавілі прававой дапамогі, якая прадугледжаная ў такіх выпадках.

«Яму забаранілі са мною размаўляць, адзінае, што ён пасьпеў мне паведаміць, што ў дадзены момант яго дэпартуюць з Украіны ў Беларусь, дзе, як я разумею, ён будзе затрыманы», — напісаў праваабаронца на сваёй старонцы ў Facebook.

Ва Ўкраіне Павал Карназыцкі пражываў з канца 90-ых гадоў — ён стаў заснавальнікам інфармацыйнага парталу glavnovosti.com і даволі часта браў удзел у тэлеэтэрах. Апошні раз на тэлеканале 112 ён абмяркоўваў з журналістам Дзянісам Жаркіх, які яктыўна супрацоўнічае з СМІ «ДНР», тэму ўвядзеньня ва Ўкраіне ваеннага становішча. Паводле адваката, Павал Карназыцкі пакінуў Беларусь «з прычыны палітычнага перасьледу як журналіста».

У канцы 1990-х завэрбаваны КДБ

У Беларусі ў 1998 годзе Павал Карназыцкі ўзначальваў маладзёвую арганізацыю Сацыял-Дэмакратычнай Грамады. Пасьля сыходу з арганізацыі прызнаўся, што быў завэрбаваны КДБ і працаваў на спэцслужбы пад псэўданімам «Ралан».

Вось як пра гэты факт распавядаў Свабодзе кадравы афіцэр КДБ Беларусі ў мінулым, кіраўнік менскага рэгіянальнага аддзяленьня Беларускага Хэльсынскага Камітэту Валер Костка:

«Вэрбоўка агента Ралана была якраз накіраваная на тое, каб гэтага маладога хлапца „раскруціць“, падняць яго рэйтынг сярод сваіх партыйных калегаў і паставіць на пасаду старшыні маладзёвае арганізацыі Сацыял-Дэмакратычнай Грамады.

Так яно і адбылося — з дапамогай КДБ гэты чалавек падняўся на высокі ўзровень і быў абраны нават старшынём маладзёвае арганізацыі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады. Але пасьля, відаць, барацьба матываў, барацьба за нацыянальнае адраджэньне, з аднаго боку, і, з другога боку, праца на рэжым, які душыць гэтае адраджэньне, яно прывяло яго да высновы, што лепей пакаяцца, прыйсьці і сказаць, што я рабіў нешта дрэннае, прашу прабачэньня, і ў гэтым сэнсе змыць зь сябе гэтую чорную пляму, бо ён працаваў супраць сваіх аднадумцаў у адной палітычнай партыі.

Яго кідалі за краты, таксама вакол яго стваралася шмат шуму ў друку, але яму кампэнсавалі маральныя й фізычныя страты, з аднаго боку, з другога — ён вырас уваччу сваіх аднапартыйцаў як баявы хлапец, які змагаецца за нацыянальнае адраджэньне».

Паводле Валерыя Косткі, Паўла Карназыцкага «вэрбавалі пад прыгожай шыльдаю — барацьба з тэрарызмам і так далей у Беларусі, а заданьні пачалі даваць у накірунку высьвятленьня лідэраў палітычных партыяў, плянаў палітычных партыяў і так далей».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG